Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў: «Мы, заражаныя каранавірусам, месяц вазілі людзей!»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі «хуткай»​ з Калінкавічаў месяц чакалі вынікі аналізаў на COVID-19. Выявілася, што яны заражаныя. «Але начальства сказала хадзіць на працу! Уявіце — мы, хворыя на каранавірус — месяц вазілі людзей і далей будзем расьцягваць заразу па горадзе?», — абурыліся мэдыкі.

Яны расказалі Свабодзе пра недахоп сродкаў індывідуальнай засьцярогі, — месяц чаканьня вынікаў аналізаў, — пазбаўленьне абяцаных надбавак, — паказуху перад камісіяй з Гомельскага ўпраўленьня аховы здароўя.

На калінкавіцкай хуткай працуе, паводле супрацоўнікаў, каля 100 чалавек. На зьмене — каля 15. Паводле фэльчаркі Ганны (імя зьмененае на яе просьбу. — РС), месяц таму, 30 красавіка, у 30 супрацоўнікаў хуткай узялі мазкі на каранавірус. Толькі 25 траўня прыйшлі вынікі. У 14 мэдыкаў каранавірус пацьвердзіўся. Рэшта — 16 чалавек — пакуль не атрымалі вынікаў.

«Нам сказала начальства ісьці і працаваць далей! Што мы ўжо перахварэлі і нам няма чаго баяцца! У нас сем’і, дзеці — гэта адно. Другое — мы штодзень вазілі і возім людзей. Уявіце, што мы самі разносім заразу па Калінкавічах! Гэта проста жах. Больш і больш заражаем людзей, выходзіць? Мы і так не даем рады, бо хворых вельмі шмат», — кажа Ганна.

«Самі шылі маскі, мылі і прасавалі іх»

Яна кажа, што першыя выпадкі СOVID-19 фіксаваліся ў Калінкавічах яшчэ ў лютым, але сродкаў засьцярогі не было.

«Тады мы стараліся самі сябе абараніць — шылі самі маскі, мылі іх, прасавалі. Цяпер нам выдаюць нават засьцерагальныя касьцюмы — аднаразовыя, якія мы выкарыстоўваем па шмат разоў. Пасьля мыцьця яны жалю вартыя — расьцягнутыя, зь дзіркамі», — тлумачыць фэльчарка.

Паводле яе, 29 траўня прыяжджала камісія з Гомельскага ўпраўленьня аховы здароўя.

«Да камісіі падрыхтаваліся — прывезьлі мяшкі проста засьцерагальных касьцюмаў, рэсьпіратараў. Усім, хто працаваў, сказалі прыбрацца, нават кіроўцам, якія ніколі ня езьдзілі ў касьцюмах. На сход паклікалі толькі тых людзей, якія маўчаць, бо баяцца начальства, ці пэнсіянэраў, якія баяцца страціць працу. Яны казалі, што ў нас усё добра», — сказала Ганна.

«Абяцалі 2000 — далі каму 200, каму і нічога»

Яе і калегаў абурыла сытуацыя з абяцанымі надбаўкамі. Паводле фэльчаркі, спачатку ім выдалі разьліковыя, дзе былі пазначаны надбаўкі па 2000 рублёў. Ганна, напрыклад, магла атрымаць 2800.

«Праз два дні сказалі, што разьліковыя хібныя, і далі іншыя. Там былі надбаўкі па 150–300 рублёў, а некаторым увогуле нічога! Нам начальства патлумачыла, што мы самі павінны пацьвердзіць, што вазілі хворых на каранавірус. Як гэта рабіць? Мы вязём, ратуем хворага і ня можам ведаць, заразны ён ці не. Вынікі прыходзяць праз 2–3 тыдні. І мы павінны самі іх шукаць. Мы працуем так цяпер, што прысесьці ня можам — хворых вельмі шмат. А яшчэ і шукаць самім зьвесткі пра хворых», — кажа мэдык.

Адзінае, што могуць больш-менш даказаць супрацоўнікі «хуткай», — гэта выпадкі, калі вязуць хворага з пацьверджаным каранавірусам на Гомель.

«А возім вельмі часта, і часьцей чамусьці начамі», — кажа фэльчарка.

«Нас палохаюць кантрактамі, звальненьнем»

Ганна кажа, што начальства не рэагуе на скаргі, а палохае людзей кантрактам ці звальненьнем. «Я, па-першае, люблю сваю працу. Па-другое — дзе знайсьці іншую працу ў Калінкавічах? Мы проста не вытрымліваем ад гэтага ўсяго — шмат хворых і працы, а нас абкрадаюць проста. Самі хворыя — і ня ведаем пра гэта. Прывезьлі сродкі засьцярогі, каб стварыць паказуху, нікому не патрэбную, для камісіі з Гомля», — кажа фэльчарка.

«Да мяне са скаргамі ніхто не зьвяртаўся»

Загадчык хуткай дапамогі Андрэй Хутлікаў адказаў БелаПАН, што да яго са скаргамі падначаленыя не зьвярталіся. Па падрабязнасьці ён параіў тэлефанаваць да намесьніка галоўнага лекара. Наконт каранавірусу ў супрацоўнікаў адмовіўся камэнтаваць.

На працягу працоўнага дня ў пятніцу ніводзін тэлефон адміністрацыі не адказваў. У прыёмнай галоўнага лекара адказалі: «Нікога няма — хто на раёне, хто ў аддзяленьнях. Мабільных тэлефонаў мы не даём».

Намесьніца галоўнага лекара Алена Лешанок не здымала слухаўку. Яе калегі адказвалі, што яна занятая.

АБНОЎЛЕНА: Пазьней фэльчарка паведаміла, што ў суботу супрацоўнікаў «хуткай» зьнянацку сабралі, каб узяць экспрэс-тэсты на каранавірус. «Празь нейкі час паведамілі, што «вы ніхто і не хварэлі», што тэсты – адмоўныя ўва ўсіх чатырнаццаці чалавек. Начальства сказала, што гэта трэба напісаць «у інтэрнэт», каб зьняпраўдзіць распаўсюджаныя там зьвесткі». Раней сьпісы заражаных мэдыцынскіх супрацоўнікаў зьявіліся ў пэўных тэлеграм-каналах.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG