Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што ты сьмяесься?» Як у Іўі на дзень увялі, а потым адмянілі масачны рэжым


Цэнтар Іўя

Рэпартаж зь Іўя, дзе маскі зрабілі абавязковымі, а потым перадумалі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Па колькасьці масак на квадратны мэтар маленькае Іўе, здаецца, абагнала Горадню. Уся справа ў публікацыі мясцовай газэты, якая забавязала івейцаў «ахоўваць органы дыханьня» ў грамадзкіх месцах. Правіла дзейнічала цягам дня, пакуль рэспубліканскія мэдыя не «паднялі шум».

Пакупнікі сынхронна выцягваюць і надзяваюць маскі перад уваходам у краму. Стомленыя прадаўцы сьцягнулі павязкі на падбародзьдзе. Па райцэнтры мноства мінакоў ходзяць, закрыўшы рот і нос. Кліентаў, якія не выкарыстоўваюць сродкі засьцярогі, ніхто ніадкуль не выганяе.

У краме
У краме

Івейскія мэдыкі выказваюць падзяку спонсарам і валянтэрам, якія іх падтрымліваюць. Праз паўгадзіны кіроўца «хуткай» паказвае непрыстойны жэст фатографу за спробу яго зьняць.

«Усе прыходзяць у масках», — упэўнена расказвае паштарка. Яе не бянтэжыць, што пяць хвілін таму яна на вачах у іншых абслугоўвала маладзёна бяз сродкаў аховы. Ейная ўласная маска ў гэты час «спаўзла» з носа.

На пошце
На пошце

«Вы ведаеце, я не надзявала маску, бо амаль не было наведвальнікаў», — усьміхаецца прадавачка Натальля. Цягам амаль усёй размовы пра неабходнасьць СІЗ (сродкаў індывідуальнай засьцярогі) яна трымае сваю маску ў руках.

Яшчэ 26 траўня маскі былі абавязковыя ў крамах, аптэках, банках і іншых грамадзкіх месцах Івейскага раёну. Правіла тычылася як работнікаў, так і наведнікаў. Пра гэта напісала мясцовая дзяржаўная газэта «Іўеўскі край».

Скрыншот з сайта газэты «Іўеўскі край» за 26 траўня.
Скрыншот з сайта газэты «Іўеўскі край» за 26 траўня.

Празь дзень, калі інфармацыя разьляцелася па сеціве, маскі сталі зноў толькі рэкамэндацыяй.

У сямітысячным Іўі адлюстравалася падзеленая Беларусь.

Уезд у Іўе
Уезд у Іўе

Вуліца. «Адзін надзеў маску, а другі сьмяецца»

«Ці шмат у вас людзей з каранавірусам?» — пытаемся ў мужчыны старэйшага ўзросту, які прыпаркаваў аўтамабіль каля крамы ў цэнтры гораду.

«Хапае», — адказвае ён і прадстаўляецца Вацлавам.

Наконт таго, чаму менавіта Івейшчына ці ня першай у краіне абвясьціла пра такі рашучы крок, суразмоўца мае сваё меркаваньне.

«Бо, перапрашаю, усе пафігісты. Адзін надзеў маску, а другі ідзе ззаду, сьмяецца, усьміхаецца. Што ты сьмяесься?», — кажа Вацлаў і паказвае маску, якая ляжыць у машыне пад рукой. Запэўнівае, што ў краму толькі ў ёй.

Маладзён побач кажа, што ў Іўі зь сярэдзіны траўня закрылі на карантын сярэднюю школу, бо захварэла настаўніца. Пачатковая школа і гімназія працуюць.

«Дык тут лекары пахварэўшы ў шпіталі... А хто-та прызнаецца? Так як у нас Лукашэнка, дакладна скажа: „У нас усё добра!“», — дадае Вацлаў.


Бібліятэка. «Маска сьмярдзіць»

У бібліятэцы ў цэнтры гораду адна наведніца, бяз маскі. У залі яшчэ тры супрацоўніцы ў масках. Чытачка дастае з торбы нядаўна набытую павязку, нюхае і робіць выснову: «Сьмярдзючая». Гатовая насіць яе, памыўшы. За ёй заходзіць яшчэ адзін мужчына, каб здаць кнігі. СІЗ ён ня мае, але кнігі ў яго бяруць. Супрацоўнікі кажуць, што інфармацыю пра масачны рэжым чыталі ў інтэрнэце, але да іх такія абавязкі не даводзілі.

Дырэктарка бібліятэкі Сьвятлана Мірончык кажа, што работнікі набывалі маскі па ўласным жаданьні і за свой кошт — «людзі прыходзяць розныя».

Са сфэры культуры тут ведаюць толькі аднаго чалавека, які ляжыць у шпіталі з пацьверджаным COVID-19

«У нас адносна спакойна. Такога ажыятажу, як пішуць, [няма]», — падсумоўвае дырэктарка.

З пачаткам эпідэміі чытачоў тут паменела, масавыя мерапрыемствы адмянілі, пераходзяць у онлайн-фарматы.


Мэдыкі. «Сродкаў аховы хапае»

Івейскі лекар ананімна расказвае, што ў іх эпідэмічная сытуацыя ня горшая за іншыя раёны. Чаму менавіта івейцаў забавязалі да масак, ён ня ведае. Па ягоных словах, раённы шпіталь не перапоўнены, мэдыкі спраўляюцца з нагрузкай. Супрацоўнікам хапае СІЗ. Іх дапамагалі закупляць спонсары, прафсаюз, забясьпечваюць імі валянтэры.

«Добра, што ў нас гэта здарылася з самага пачатку», — мяркуе суразмоўца.

Іўе было другім населеным пунктам пасьля абласнога цэнтру, дзе на Горадзеншчыне выявілі каранавірус. На думку лекара, дзякуючы гэтаму іх адразу забясьпечылі сродкамі аховы. Яны могуць не эканоміць: камбінэзон са спанбонду выкідаюць пасьля адной зьмены, маскі з тканіны служаць 1,5–2 гадзіны.

Мэдык адпачывае ў двары івейскага шпіталя на зямлі пад дрэвам у поўнай экіпіроўцы — у памяшканьні ў такім касьцюме вытрываць цяжка, горача.
Мэдык адпачывае ў двары івейскага шпіталя на зямлі пад дрэвам у поўнай экіпіроўцы — у памяшканьні ў такім касьцюме вытрываць цяжка, горача.
Перад уваходам у івейскую лякарню ўсе надзяваюць маскі
Перад уваходам у івейскую лякарню ўсе надзяваюць маскі
Хуткая дапамога
Хуткая дапамога

Аптэка. «А што, калі чалавек прыйшоў купіць маску?»

Аптэкарку Крысьціну ад кліентаў і так аддзяляе празрыстая перагародка. Цяпер твар абаронены дадаткова. Яна кажа, што не адмовіць чалавеку бязь СІЗ.

«А што, калі чалавек прыйшоў купіць маску?», — апраўдвае яна такога пакупніка.

У аптэцы
У аптэцы

Па словах Крысьціны, да аптэкі не даводзілі такі абавязак — патрабаваць масачны рэжым. Праўда, рэкамэндацыі наконт СІЗ і дыстанцыі распаўсюджваюць даўно. Прыкладна палова наведнікаў іх прытрымліваецца. Антысэптыкі і сродкі засьцярогі разьмяталі на самым пачатку, калі выявілі першыя выпадкі ў Менску. Тады ж аптэкі асабліва правярала санстанцыя, ці выконваюць усе нормы.

У самой Крысьціны няма знаёмых у Іўі з каранавірусам. Пры тым, што кожны тут ведае паўгорада. Праўда, многія ізаляваліся. У аптэку цяпер прыходзіць мала старых. Лекі для іх набываюць дзеці ды ўнукі. У касьцёл ходзяць па 10–12 чалавек, а мусульманскае сьвята Ўраза-байрам (сёлета адзначаецца 23–24 траўня) многія татары сьвяткавалі дома.

Касьцёл
Касьцёл

На думку аптэкаркі, абавязковы карантын быў бы дарэчы.

«Увесь сьвет баіцца, а ён кажа: „Псыхоз“», — камэнтуе яна словы кіраўніка дзяржавы пра каранавірус.

Крама. «Я ў масцы яшчэ больш хворай сябе адчуваю»

Прадавачка Натальля працуе бяз маскі. Тлумачыць, што за дзень было ўсяго 5 пакупнікоў. Калі хто заходзіць, яна надзявае павязку, кажа Натальля, трымаючы маску падчас гутаркі ў руках.

«Пасьля таго, што ўчора напісала газэта, амаль усе ў масках», — расказвае жанчына.

Адзін са спосабаў насіць маску ў райцэнтры
Адзін са спосабаў насіць маску ў райцэнтры
Вуліцы мястэчка дэзынфікуюць
Вуліцы мястэчка дэзынфікуюць

«У шпіталі такая сытуацыя, што ім цэлы дзень пахадзіць у масцы вельмі складана. Я ў масцы яшчэ больш хворай сябе адчуваю. Тады ўжо здаецца, што і насмарк зьявіўся», — кажа Натальля.

Яна таксама ня ведае нікога з каранавірусам, нягледзячы на вялікае кола знаёмых. Ейныя дзеці ходзяць у гімназію ў малодшыя клясы: дачка вучыцца адна ў клясе, старэйшае дзіця — адно з трох.

«Усе кажуць: „Страшна-страшна“. Я толькі па чутках магу сказаць, а чуткі вельмі перабольшаныя... Я моцна не набіраю ў галаву, не цікаўлюся», — камэнтуе агульную сытуацыю з каранавірусам у раёне прадавачка.

Крама нават закрывалася на некалькі дзён, калі ў Іўі выявілі першыя выпадкі каранавірусу, бо пакупнікоў зусім не было. А потым «пачалі жыць звычайным жыцьцём».

Улада. «Я ўжо стамілася ўсім адно і тое ж гаварыць»

У Івейскім райвыканкаме журналісту БелаПАН не захацелі патлумачыць, што адбываецца ў раёне з масачным рэжымам. Старшыня Аляксандар Булак у водпуску. Прайсьці да ягонага намесьніка Віталія Мілюнца не ўдалося. Супрацоўніца выканкаму пайшла яго паклікаць. У гэты час праход да чыноўнікаў перакрываў турнікет.

Перад ім міліцыянт у масцы кантраляваў прыём наведнікаў.

«А вы ведаеце, што ў нас забаронены ўваход без масак?», — пытаўся ён у «неабароненага» мужчыны, але размаўляў зь ім і далей, і ўрэшце прапусьціў да кабінэтаў.

Супрацоўніца выканкаму вярнулася адна і пераказала словы намесьніка: галоўны лекар санстанцыі ўжо даваў інтэрвію іншым мэдыя, а ён, Віталь Мілюнец, нічога больш ня можа дадаць.

Івейскі райвыканкам
Івейскі райвыканкам

Галоўная санітарная лекарка Івейскага раёну Анастасія Жамойта праз тэлефон адказала журналісту БелаПАН, што яна ўжо тлумачыла пытаньне масачнага рэжыму іншым журналістам.

«Пазваніце ім, запытайцеся. Я ўжо стамілася ўсім адно і тое ж гаварыць», — скончыла размову Анастасія Жамойта і павесіла слухаўку.

* * *

Пад канец заяжджаем яшчэ ў адну сеткавую краму. На дзьвярах тыя ж рэкамэндацыі. Дзеля экспэрымэнту ўпершыню за некалькі месяцаў заходжу ў памяшканьне з «адкрытым тварам». Маска прадавачкі вісіць так нізка, што абараняе хіба што шыю. Амаль усе пакупнікі ў павязках, ня толькі аптэчных, але і каляровых, дызайнэрскіх. Касірка стомлена ўглядаецца ў кліента-бязмасачніка, хмыкае і нічога ня кажа.

«Мы клапоцімся пра вашае здароўе»
«Мы клапоцімся пра вашае здароўе»

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG