Лукашэнка загадаў не дапускаць падзеньня эканомікі ад пандэміі. А яна ўжо падае

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 23 красавіка нараду аб эканоміцы і сацыяльнай сфэры ў час пандэміі каранавірусу. Нарада праводзіцца не дыстанцыйна — кіраўніцтва краіны сабралася ў палацы Незалежнасьці.

«Згодна са справаздачай, ВУП за першы квартал зьнізіўся на 0,3%, — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэсавая служба. — Ніякага ўхваленьня падзення ВУП ня можа быць і ня будзе, таму настройвайцеся на выкананьне тых плянаў, якія перад намі ёсьць. Наша невялікая эканоміка, у якой няма сыравіннай падушкі бясьпекі, была вымушаная парыраваць адначасова тры ўдары».

Лукашэнка адзначыў «нафтавыя абмежаваньні з боку найбліжэйшага партнэра» (Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь), цяжкасьці праз закрыцьцё межаў і пачатак барацьбы з COVID-19. Ён падкрэсьліў, што цяпер «усімі сіламі неабходна захаваць давер людзей да палітыкі, якая праводзіцца, цэнавую ўстойлівасьць, хаця б на самыя важныя для людзей тавары і паслугі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ»

У такіх умовах, заявіў Лукашэнка, трэба «ўтрымацца і не зваліцца ў асноўных паказьніках эканамічнага разьвіцьця, чаго б гэта ні каштавала».

Ён таксама параіў ураду ня ўмешвацца ў дзейнасьць Міністэрства гандлю — маўляў, «хай міністар са сваімі падначаленымі прымае рашэньні».

«І галоўнае — мы абавязкова павінны забясьпечыць занятасьць, — дадаў Лукашэнка. — Трэба стымуляваць людзей, каб яны працавалі, стымуляваць малы бізнэс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пераклаў праблему падтрымкі бізнэсу ў час пандэміі на рэгіянальныя ўлады

На 2020 год беларускія ўлады заплянавалі рост валавога ўнутранага прадукту на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП на 1,9%, на такія ж лічбы ў лютым разьлічваў міністар эканомікі. Замежныя экспэрты ж прагназуюць падзеньне на 3,36%.

Рост ВУП Беларусі па выніках 2019 году склаў 1,2%, зьнізіўшыся з узроўню ў 3,1%, які быў у 2018-м.