Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі «Парытэтбанк» набыў сын расейскага алігарха Гуцэрыева


«Парытэтбанк» зь дзяржаўнай доляй 99,83% у статутным фондзе прададзены кампаніі Beristore Holdings Limited, асноўным бэнэфіцыярам якой расейскі прадпрымальнік Саід Гуцэрыеў.

Пра гэта інфармуе Дзяржаўны камітэт маёмасьці Беларусі. Актывы банку на пачатак году ацэньваліся ў 500 мільёнаў рублёў.

«У адпаведнасьці са стратэгіяй разьвіцьця фінансавага рынку Беларусі, зацьверджанай сумеснай пастановай Савету Міністраў і Нацыянальнага банку 28 сакавіка 2017 году, у якасьці аднаго з асноўных напрамкаў разьвіцьця банкаўскай сыстэмы прадугледжана зьніжэньне долі дзяржавы ў статутных фондах банкаў аж да поўнага выхаду з складу акцыянэраў шляхам продажу стратэгічным інвэстарам акцый у статутных фондах», — тлумачыцца ў афіцыйным паведамленьні.

Сума ўгоды не абвяшчаецца, толькі ўдакладняецца, што кампанія Beristore Holdings Limited належыць Саіду Гуцэрыеву, які разам зь беларускім прадпрымальнікам Віктарам Пракапенем зьяўляецца суўладальнікам зарэгістраванай у Беларусі крыптабіржы Currency.com і шэрагу ІТ-стартапаў.

Таксама вядома, што гэта сын буйнога расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева, кампаніі якога пры адсутнасьці нафтавых кантрактаў ад пачатку году адзіныя пастаўлялі сыравіну на беларускія НПЗ. Гуцэрыева-старэйшага зьвязваюць блізкія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Парытэтбанк» зьяўляецца правапераемнікам банку «Пошук», які цягам 1990-х уваходзіў у лік найбуйнейшых фінансавых установаў Беларусі. Аднак праз праблемы ліквіднасьці кантрольны пакет акцый перайшоў Нацбанку, зьявілася і новая шыльда — «Парытэтбанк». Пазьней яго ўласьнікам стала Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, а пазалетась банк перадалі на балянс Дзяржкамітэту маёмасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG