Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка ладзіла чарговы брыфінг аб сытуацыі з пандэміяй каранавірусу. На брыфінгу прысутнічала і прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава, якая заявіла, што сярод «спэцкантынгенту» хворых няма.
Вольга Чамаданава згадала, што «ёсьць пытаньне наконт Бабруйскай калёніі №2». Сваякі вязьняў раней расказвалі Свабодзе, што адразу некалькі вязьняў скардзяцца на здароўе, маюць сымптомы прастуды і не атрымліваюць належнага лячэньня, а таксама не тэстуюцца на COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пнэўманія, але тэст на каранавірус рабіць адмовіліся». Сваякі вязьняў Бабруйскай калёніі патрабуюць захадаў бясьпекіПрэс-сакратарка МУС заявіла, што ў калёніі «не было і няма» хворых на COVID-19, а «эпідэміялягічная сытуацыя стабільная», падвышэньня захваральнасьці на ВРВІ «не адзначаецца».
Яна заявіла, што і ў іншых папраўчых установах, у тым ліку ў лячэбна-працоўных прафілякторыях», калёніях і сьледчых ізалятарах «няма захварэлага спэцкантынгенту».
Пытаньні, сказала яна, былі і пра хворых у 55-й папраўчай установе адкрытага тыпу (што ў Менску каля МАЗу) і ізалятары часовага ўтрыманьня ГУУС Менгарвыканкаму (што на 1-м завулку Акрэсьціна) — і там няма хворых сярод «спэцкантынгенту», заявіла Чамаданава.
Яшчэ ў сакавіку беларускія калёніі закрылі на карантын: спатканьні забаранілі, але дазволілі дадатковыя 10-кіляграмовыя перадачы з садавіной, гароднінай і вітамінамі. На пэтыцыю за спрошчанае забесьпячэньне вязьняў лекамі МУС адказала адмовай: сьцьвярджаюць, запасаў лекаў дастаткова.
Плянаў на нейкую шырокую «антывірусную» амністыю ўлады не агучвалі, але да 75-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне плянуецца «традыцыйная» амністыя, у межах якой плянуюць вызваліць каля 3,5 тысячы чалавек.