Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перад сьмерцю яны нават ня могуць разьвітацца з блізкімі», — дачка хворай на СOVID-19 жанчыны


Ілюстрацыйнае фота

«Шпіталі, дзе лечаць інфікаваных на каранавірус, сталі больш закрытымі, чым турмы», лічыць псыхоляг Тацяна Маладзьянава, чыя маці цяпер знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з дыягназам «каранавірусная інфэкцыя» ў 4-й лякарні Менску.

Паводле Тацяны, для сваякоў хворых да трывогі за здароўе і жыцьцё блізкіх дадаюцца адчай і бездапаможнасьць з прычыны адсутнасьці кантакту як з роднымі, так і зь лекарамі, а таксама празь немагчымасьць дапамагчы ў доглядзе пажылых і часта бездапаможных людзей. Тацяна Маладзьянава падкрэсьлівае, што яна вельмі паважае працу дактароў, якія працуюць у складаных умовах і робяць усё, каб уратаваць жыцьці людзей. Яна заклікае ва ўмовах пандэміі зьмяніць дзейную сыстэму такім чынам, каб родныя маглі ведаць, што адбываецца зь іхнымі хворымі блізкімі і маглі ім неяк дапамагчы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Няма пакуль вакцыны ад бяздушнасьці, як і ад каранавірусу!»

15 красавіка Тацяна Маладзьянава зьвярнулася да сваіх сяброў у «Фэйсбуку» з адчайным заклікам дапамагчы яе маці Людміле. 69-гадовая жанчына находзіцца ў 4-м шпіталі з каранавірусным дыягназам. Людміла працавала эканамістам, цяпер яна на пэнсіі.

Паводле Тацяны Маладзьянавай, яе маці заразілася COVID-19 у аддзяленьні кардыялёгіі ў шпіталі хуткай дапамогі, куды трапіла ў сярэдзіне сакавіка з сардэчным прыступам.

Маці Тацяны спадарыня Людміла
Маці Тацяны спадарыня Людміла

Як піша Тацяна, «маці выпісалася дадому 27 сакавіка з сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі, празь дзень яе стан пагоршыўся і 29 сакавіка яе зноў шпіталізавалі ў кардыялёгію. 4 красавіка яе перавялі ў рэанімацыю ў цяжкім стане з двухбаковай пнэўманіяй. 6 красавіка тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік і маці тэрмінова адправілі ў 4-ы менскі шпіталь, тэрапэўтычны корпус якога цяпер стаў ізалятарам для каранавірусных хворых».

Тацяна кажа, што самае страшнае для яе цяпер ня толькі COVID-19, але і інфармацыйны вакуўм, паколькі ў рэанімацыі пацыентам забаронена мець мабільныя тэлефоны. Паводле жанчыны, практычна немагчыма датэлефанавацца ў аддзяленьне. Яна не змагла гэта зрабіць на працягу многіх дзён і начэй.

«Маці ляжала больш за суткі цалкам голая»

Некалькі дзён таму маці Тацяны перавялі ў тэрапэўтычнае аддзяленьне, і тады дачка ўпершыню за шмат дзён магла пачуць яе голас.

У звычайных умовах родныя прыходзяць у шпіталь, каб дапамагчы даглядаць цяжка хворых — пераадзець, дапамагчы паесьці, памыць і гэтак далей. Ва ўмовах пандэміі родныя ня могуць прыйсьці ў шпіталь, і выглядае, што празь вялікую колькасьць хворых часта няма каму дапамагчы старым людзям.

«Маці ляжала больш за суткі цалкам голая, і ні на адну просьбу да мэдпэрсаналу (дапамагчы дастаць акуляры, ваду, трусы або зарадку з пакета) не было ніякай рэакцыі, — расказвае жанчына. — Хоць яна настолькі слабая, што ня можа нават гаварыць, ня тое каб сябе абслужыць!»

15 красавіка маці патэлефанавала Тацяне: «Скрозь жудасныя хрыпы мне ўдалося зразумець толькі тое, што яна задыхаецца, а да яе наогул ніхто ні падыходзіць ужо шмат гадзінаў. Я прашу яе: „Матуля, стукай гучна па сьцяне і дыхай, калі ласка, толькі дыхай! Я цябе зараз выратую!“ Тэлефаную ў лякарню на пост, у ардынатарскія, рэанімацыю, даведку, прыёмную — бессэнсоўна».

У выніку Тацяна здолела датэлефанавацца ў хуткую дапамогу, і праз унутраныя каналы дыспэтчарка паведаміла ў шпіталь, што жанчыне патрэбна дапамога.

Цяпер маці Тацяны Маладзьянавай знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тацяна разумее, што мэдыкі працуюць «на мяжы і ў жудасных умовах». Праз сацыяльныя сеткі Тацяна зьвярнулася з заклікам да Міністэрства аховы здароўя наладзіць тэлефонную сувязь, каб блізкія маглі даведацца аб стане цяжкіх хворых. Жанчына зьвярталася да сваіх сяброў у «Фэйсбуку» з просьбай знайсьці мэдыкаў, якія працуюць у 4-м шпіталі.

«Апамятайцеся! Людзі захварэлі, трапілі ў бяду, а не ў турму. Многія зь іх на мяжы жыцьця і сьмерці. І, акрамя мэдычнай дапамогі, яны і іхныя блізкія, а ня толькі экспэрты САЗ, маюць патрэбу ў чалавечым стаўленьні і проста ў інфармацыі!» — пісала Тацяна.

Паводле прафэсіі яна псыхоляг.

«Я штодня падтрымліваю, вучу і дапамагаю іншым здабыць веру ў сябе, захаваць сям'і, адносіны і асабістую годнасьць. Я дакладна ведаю, што немагчыма вылечыць тое, чаго папросту няма. Няма пакуль вакцыны ад бяздушнасьці, як і ад каранавірусу!» — напісала Тацяна ў сваім адчайным лісьце ў «Фэйсбуку».

«Цяпер шпіталь адрэзаны ад сьвету ў літаральным сэнсе»

Шпіталь у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Шпіталь у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля закліку ў «Фэйсбуку» дапамагчы знайсьці кантакты людзей у 4-м шпіталі адгукнулася шмат людзей, і Тацяна ім вельмі ўдзячная. Цяпер ёй празь іншых людзей паведамляюць пра стан здароўя маці.

Дазваніцца да дактароў яна дагэтуль ня можа: «Гэта хранічна заняты тэлефон, на які немагчыма дазваніцца на працягу многіх гадзін. Наўпрост дагэтуль ні з кім не змаглі пагаварыць».

Тацяна падкрэсьлівае, што ня мае ніякіх прэтэнзій да дактароў, асабліва тых, хто працуюць у рэанімацыі, бо яны цяпер самі закладнікі. Яна зьвяртае ўвагу на іншае:

«Цяпер шпіталь адрэзаны ад сьвету ў літаральным сэнсе. У мяне не было досьведу перадач у турму, але, наколькі я ведаю, у СІЗА нешта перадаць, пазваніць ці нешта даведацца лягчэй, чым цяпер у лякарні. Мне пішуць у камэнтарах, каб званіла галоўнаму лекару і ішла ў шпіталь. Людзі не разумеюць, што словы „ідзіце ці званіце“ гучаць сьмешна. Ісьці няма куды, званіць няма куды. Корпус ачэплены».

Бацьку Тацяны 70 гадоў. Як кантакт першага ўзроўню ён быў 14 дзён у карантыне.

«Я яго забрала ў жудаснай дэпрэсіі, давялося даць антыдэпрэсанты. Ён сядзеў адзін дома 14 дзён. Ён нічога ня еў. Яны з маці 50 гадоў пражылі разам. Мне сябе не шкада, мне тату вельмі шкада, бо для яго гэты стан невядомасьці — проста пекла», — кажа Тацяна.

Жанчына ўяўляе, наколькі цяжка цяпер хворым на каранавірус у шпіталі без падтрымкі родных.

«Мне тлумачылі, што дактары знаходзяцца ў гэтых „скафандрах“, і ў іх цяжка адказаць на званок нават тэхнічна. Я згодная, але вы павінны зразумець, што людзі ёсьць людзі. Гэта не арыштанты. Прызначце пэўны час для званкоў, пастаўце асьпіранта, усе зьвесткі ў кампутары, і хай ён паведамляе пра стан здароўя хворых. Пры жаданьні гэта можна арганізаваць. І не забірайце ў людзей тэлефоны ў рэанімацыі. Калі чалавек сам ня дыхае, ён і сам размаўляць ня будзе. А калі можа гаварыць, то вельмі важна пагаварыць з роднымі. Гэта нестандартная сытуацыя, і можна зьмяніць старыя правілы дзеля людзей. Людзі паміраюць і нават разьвітацца ня могуць зь блізкімі. Гэта жахліва. Яны не злачынцы. Чаму іх так ізалявалі?» — пытаецца Тацяна.

Псыхоляг зьвяртае ўвагу і на пытаньне дагляду з боку малодшага мэдычнага пэрсаналу.

«Я разумею, што яны ўпершыню сутыкнуліся з такой праблемай. Санітаркі раней прыносілі ежу і ставілі ля дзьвярэй і сыходзілі. Вярталіся праз 15 хвілінаў. Мама ўставаць не магла ўвогуле. Яна цяпер ня ходзіць, бо вельмі слабая. Яна страціла 10 кіляграмаў вагі. Зразумела, што санітаркі баяцца, ня будуць кожнага карміць. Тады нельга ў тэрапію пераводзіць такіх хворых, хай будуць у рэанімацыі, трымайце на кропельніцы».

Чалавечнасьць там зьнікла, падсумоўвае Тацяна і заклікае ўсіх, ад каго гэта залежыць, паспрабаваць зьмяніць сытуацыю.

17 красавіка Свабода накіравала міністру аховы здароўя і ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя тры пытаньні ( на прэсавай канфэрэнцыі 17 красавіка міністар паабяцаў бліжэйшымі днямі адказаць на пытаньні, дасланыя яму праз сайт міністэрства аховы здароўя).

  • Ці магчыма дазволіць хворым на каранавірус мець мабільныя тэлефоны ў рэанімацыі, каб родныя маглі іх падтрымаць, а ў трагічных выпадках гэта была б адзіная магчымасьць для іх пасьпець разьвіцца па тэлефоне?
  • Ці магчыма наладзіць надзейны канал сталай камунікацыі паміж роднымі і дактарамі. Як паказвае практыка, дазваніцца ў аддзяленьні практычна немагчыма. Магчыма, мог бы быць вызначаны пэўны час і адказны работнік, які б наяўную інфармацыю пра хворага (якая ёсьць у кампутары) мог бы паведаміць родным?
  • Ці ёсьць магчымасьці арганізаваць альтэрнатыўны дагляд за старымі і маларухомымі хворымі на каранавірус (мыцьцё, кармленьне, пераапрананьне)? Звычайна родныя ў шпіталях дапамагаюць гэта рабіць. Цяпер ва ўмовах пандэміі шпіталі, дзе лечаць інфікаваных, закрытыя, хворыя ізаляваныя, малодшага мэдычнага пэрсаналу не хапае. Ці ёсьць магчымасьці альтэрнатыўнага нагляду, які маглі б арганізаваць самі родныя?

Адказу пакуль чакаем. Ліст міністру напісала і Тацяна Маладзьянава. Як сьведчыць жанчына, апошнія дні ў шпіталі сталі адказваць на тэлефанаваньні. Яна гэта зьвязвае ў тым ліку і з розгаласам ад яе публікацыі ў Фэйсбуку.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG