Эўрапейская і Міжнародная фэдэрацыі журналістаў заклікалі вызваліць рэдактара «Ежедневника»

Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» (архіўнае фота)

Эўрапейская і Міжнародная фэдэрацыі журналістаў (EFJ / IFJ) далучыліся да заявы Беларускай асацыяцыі журналіста і заклікалі неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука і зьняць усіх абвінавачаньні супраць яго.

«Сяргей Сацук мусіць быць вызвалены неадкладна. Мы падтрымліваем яго і ўсіх журналістаў у Беларусі, якія сталі аб’ектам рэпрэсіўнай палітыкі Беларусі ў галіне свабоды СМІ. Мы чакаем рэакцыі з боку Эўрапейскага зьвязу», — заявілі Міжнародная і Эўрапейская фэдэрацыі журналістаў (EFJ / IFJ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць затрыманага рэдактара «Ежедневника» завялі крымінальную справу за хабар

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).

Цяпер журналіст знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнтацыю, супрацоўнікаў выданьня дапыталі ў якасьці сьведак у справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна». Журналіст Сацук падрыхтаваў тэкст на выпадак затрыманьня

У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнты і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і пляншэт.

Родныя і калегі Сацука зьвязваюць ягонае затрыманьне з прафэсійнай дзейнасьцю. «Эўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежедневник» нагадаў Лукашэнку пра абяцаньне падтрымаць арыштаванага журналіста Сацука
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я/мы Сяргей Сацук». БАЖ заклікала падтрымаць арыштаванага журналіста
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычная ахвяра каранавірусу. Што стаіць за справай Сяргея Сацука
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежедневник» назваў затрыманьне свайго рэдактара «барацьбой карупцыянэраў з чалавекам, які замахнуўся на іх сыстэму»

Камітэт дзяржкантролю па-ранейшаму адмаўляецца ад камэнтароў аб гэтай справе.

Раней з патрабаваньнем вызваліць Сяргея Сацука і зьняць зь яго абвінавачаньні ўжо выступілі Беларуская асацыяцыя журналістаў і міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».