Выданьне «Ежедневник» памяняла фармат працы праз арышт Сяргея Сацука

Ператрус у рэдакцыі «Ежедневника»

«Ежедневник» абвесьціў пра часовую зьмену канцэпцыі праз арышт галоўнага рэдактара Сяргея Сацука.

У заяве рэдакцыі адзначаецца, што спачатку ў журналістаў была надзея, што галоўнага рэдактара Сяргея Сацука хутка вызваляць. Аднак з 27 сакавіка ён быў зьмешчаны пад арышт, у яго доме прайшоў ператрус, канфіскавалі ўсю камп’ютарную тэхніку, у тым ліку і пляншэт унука.

Ператрус прайшоў і ў рэдакцыі «Ежедневника», амаль усіх супрацоўнікаў выклікалі на допыты ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

«З гэтага часу на партале будзе публікавацца толькі інфармацыя (уласныя матэрыялы і матэрыялы іншых СМІ), якія адносяцца да «Справы Сяргея Сацука». Усе яны будуць сабраныя ў адмысловым разьдзеле, у якім мы будзем старанна і падрабязна фіксаваць ход гэтай справы», — гаворыцца ў заяве.

Ператрус у офісе рэдакцыі

25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Менску галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука. Затрыманьне адбылося пасьля 15-й гадзіны, калі Сяргей з жонкай пад’ехалі да крамы будаўнічых матэрыялаў у вёсцы Вялікае Сьціклева.

Пазьней стала вядома, што супраць журналіста завялі крымінальную справу за хабар. Падставай для затрыманьня стала нібыта атрыманьне Сацуком грошай для журналісцкіх расьсьледаваньняў «Ежедневника» больш як год таму.

Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, адно зь іх — сэрыя публікацый «Ежедневника» пра карупцыю ў сыстэме аховы здароўя Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Усё гэта хлусьня і лухта». За што затрымалі журналіста Сяргея Сацука?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна». Журналіст Сацук падрыхтаваў тэкст на выпадак затрыманьня