Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала неадкладна вызваліць рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука
Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник»
Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала афіцыйную заяву з нагоды затрыманьня галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука, якую прынялі на супольным пасяджэньні праўленьня БАЖ 26 сакавіка.
У заяве «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае ўлады Беларусі:
неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць у дачыненьні да яго крымінальны перасьлед;
выконваць гарантыі, прадстаўленыя журналістам беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, спыніць перасьлед, запалохваньне і іншыя агрэсіўныя дзеяньні ў дачыненьні да журналістаў за выкананьне імі прафэсійных абавязкаў.
25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Менску галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука. Затрыманьне адбылося пасьля 15-й гадзіны, калі Сяргей з жонкай пад’ехалі да крамы будаўнічых матэрыялаў у вёсцы Вялікае Сьціклева.
Пазьней стала вядома, што супраць журналіста завялі крымінальную справу за хабар. Падставай для затрыманьня стала нібыта атрыманьне Сацуком грошай для журналісцкіх расьсьледаваньняў «Ежедневника» больш за год таму.
Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, адно зь іх — сэрыя публікацый у «Ежедневнике» аб карупцыі ў сыстэме аховы здароўя Беларусі.
Рэдакцыя «Ежедневника» лічыць затрыманьне помстай карупцыянэраў. Брат Сяргея Сацука Аляксандар не выключае, што затрыманьне Сяргея зьвязана зь сюжэтам БТ, які паказалі 22 жніўня 2019 году аб судзе ў «справе мэдыкаў», «дзе 21 абвінавачаны, дзе касьмічныя сумы хабару і канфіскаваных грошай з гаражоў».
Большая частка рэпартажу, як адзначаюць у рэдакцыі, была прысьвечаная не таму, якія ўжываліся карупцыйныя схемы, і не таму, як гэта стала магчымым у Беларусі, а таму, што Сацук нібыта ўзяў 5000 даляраў за напісаньне артыкула пра карупцыю ў Мінздароўя (Сацук адмаўляў, што браў грошы як хабар — браў на фінансаваньне расьсьледаваньняў). Менавіта з артыкулаў Сацука, мяркуе «Ежедневник», пачалося расьсьледаваньне «справы мэдыкаў».
Зь сюжэтам беларускай тэлевізіі зьвязвае затрыманьне Сяргея і ягоны брат Аляксандар. Тады, паводле Аляксандра і самога Сяргея Сацука, яму пагражалі, што яго або заб’юць, або падарвуць.
«Эўрарадыё» сьцьвярджае, што некалькі тыдняў таму Сяргей Сацук пакінуў тэкст на выпадак ягонага затрыманьня, бо ўжо тады адчуў ціск з боку «ўладных людзей».