Міністар здароўя Беларусі Уладзімер Каранік заявіў 17 сакавіка, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя «больш чым хтосьці іншы».
Як перадае БелТА заяву міністра, за мінулы дзень у Беларусі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19 (раней паведамлялася пра 36 пацыентаў, траіх зь якіх ужо выпісалі). Сытуацыя зь вірусам у краіне, кажа Ўладзімер Каранік, застаецца падкантрольнай.
Каранік дадаў, што частку ранейшых пацыентаў цяпер рыхтуюць да выпіскі, бо першыя тэсты больш не паказваюць у іх наяўнасьці вірусу SARS-CoV-2.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка: Труціць вірус гарэлкай, а «трактар вылечыць усіх». ВІДЭАЦяпер, адзначыў міністар, абмяркоўваюцца новыя захады супраць вірусу, накіраваныя перадусім на недапушчэньне завозу яго ў краіну.
«Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сытуацыя ня вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу да нас», — заявіў міністар, не адзначыўшы, што ўсе суседзі Беларусі ўжо закрылі межы або анансавалі такі крок.
Каранік таксама адзначыў, што Сусьветная арганізацыя здароўя «цалкам падтрымлівае» высілкі Беларусі і лічыць іх найбольш эфэктыўнымі, а закрыцьцё межаў эфэктыўным якраз ня лічыць.