Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску перанесьлі ў сувязі з каранавірусам


Мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019 году

Арганізацыйны камітэт БНР-102 вырашыў адклікаць заяўку на сьвяточны мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Менску, які меркавалі правесьці ў нядзелю, 22 сакавіка, на вуліцы Кастрычніцкай.

Рашэньне прынялі, як піша сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, «дзеля бясьпекі людзей»: пры пашырэньні новага каранавірусу немагчыма гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў.

Адказу на афіцыйную заяўку на акцыю, што мела б прайсьці празь пяць дзён, ад Менгарвыканкаму не дачакаліся. Ды яшчэ 12 сакавіка ў Беларусі абмежавалі (не забаранілі) правядзеньне масавых мерапрыемстваў зь міжнародным удзелам, дазвол на астатнія абяцалі даваць «пасьля ацэнкі ўмоваў правядзеньня». За дзень да таго ад масавага сьвяткаваньня адмовіліся ў Горадні.

Цяпер, дадае Рымашэўскі, галоўная задача — «прымусіць улады прыслухацца да рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя і прыняць у краіне элемэнтарныя меры дзеля абароны беларусаў ад каранавірусу».

Надалей аргкамітэт зьбіраецца вывучаць магчымасьць правядзеньня акцыі БНР-102 у Менску ў пазьнейшы час.

Каго запрашалі і дзе цяпер паслухаць Вольскага

Арганізатары БНР-102 зьбіраліся запрасіць на менскі мітынг-канцэрт беларускія гурты «Дай дарогу!», «Краму», «Разьбітае сэрца пацана», Naka і рэп-сьпявачку Zrabi, а таксама ўкраінцаў «Колір».

Сьпявак Лявон Вольскі, які хацеў зладзіць бясплатны электрычны канцэрт 25 сакавіка, вырашыў не рабіць гэтага ўжывую, а правесьці інтэрнэт-канцэрт празь Youtube. Жывая трансьляцыя мае пачацца 25 сакавіка а 20-й гадзіне.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG