Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя адзначыла «хуткі рост» COVID-19. Памерлі больш за 7 тысяч чалавек


Тэдрас Аданом Гебрэесус, генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя

На брыфінгу 16 сакавіка генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус адзначыў «хуткі рост» распаўсюду новага каранавірусу і такое ж паскарэньне захадаў супраць COVID-19 — як то закрыцьця школаў, скасаваньня спартовых гульняў і сходаў.

«Але мы ня бачылі досыць імклівага паскарэньня тэставаньня, ізаляцыі і пошуку кантактаў [тых, хто кантактаваў з інфікаванымі. — РС], што ёсьць асновай рэакцыі, — адзначыў кіраўнік WHO. — Меры сацыяльнага аддаленьня могуць дапамагчы паменшыць перадачу і даць магчымасьць сыстэмам аховы здароўя справіцца. Мыцьцё рук і кашаль у локці могуць зьнізіць рызыку для сябе і іншых.

Ды аднаго гэтага недастаткова, каб згасіць гэтую пандэмію. Адно камбінацыя [захадаў] зьменіць сытуацыю. Я працягваю паўтараць: усе краіны павінны ўжываць комплексны падыход.

А найбольш эфэктыўны спосаб прадухіліць заражэньне і выратаваць жыцьці — гэта разрыў ланцугоў перадачы. А для гэтага трэба правяраць і ізаляваць. Вы ня можаце змагацца з агнём з завязанымі вачыма. І мы ня можам спыніць гэтую пандэмію, калі не даведаемся, хто заражаны. У нас ёсьць простае пасланьне для ўсіх краінаў: тэсты, тэсты, тэсты. Тэстуйце кожны падазроны выпадак».

Ён таксама назваў пандэмію COVID-19 «вызначальным глябальным крызісам нагаша часу», які «пакажа лепшае і горшае ў чалавецтве», і заклікаў да еднасьці ў змаганьні зь вірусам.

На раніцу 17 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 182,7 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 28 тысяч у Італіі, 15 тысяч у Іране, 10 тысяч у Гішпаніі, 8,3 тысячы ў Паўднёвай Карэі, 7,2 тысячы ў Нямеччыне, 6,6 тысячы ў Францыі, 4,7 тысячы ў ЗША.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 7144 чалавекі: 3230 у Кітаі, 2158 у Італіі, 853 у Іране, 342 у Гішпаніі, 148 у Францыі, 93 у ЗША, 81 у Паўднёвай Карэі.

Выпісалі здаровымі 79,9 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 6,2 тысячы пацыентаў.

У Беларусі пацьвердзілі 36 выпадкаў COVID-19, «на кантролі» — 2583 чалавекі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG