Пабіты міліцыяй і пакараны жыхар Рэчыцы дамогся апраўданьня ў судзе

Андрэй Карбалевіч з Рэчыцы, затрыманы за непадпарадкаваньне праваахоўнікам і зьбіты.

Рэчыцкі суд скасаваў пратакол аб адміністрацыйным парушэньні мясцовага жыхара Андрэя Карбалевіча, якога затрымалі летась у сьнежні, абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі, арыштавалі і аштрафавалі на 54 рублі.

Гісторыю затрыманьня расказаў тэлеканал «Белсат». Андрэй Карбалевіч са знаёмымі чакаў таксоўку ля прыватнага дома, аднаго трымалі пад рукі, бо быў нападпітку. Да кампаніі пад’ехала міліцэйская машына, але спачатку пытаньняў у праваахоўнікаў ня ўзьнікла.

Кампанія пайшла па хатах, але міліцыянты зноў пад’ехалі да знаёмых Карбалевіча, а пасьля і да яго, калі ён сядзеў на аўтобусным прыпынку.

Карбалевіч сьцьвярджае, што міліцыянт рэзка пацягнуў яго за руку, ад чаго ён ударыўся галавой аб поручні будынка. Яго паклалі тварам на зямлю, задралі адзеньне і пачалі зьбіваць гумавымі дубінкамі, заламаўшы рукі. Пасьля начапілі кайданкі і павялі да дома, дзе стаяла першая машына. Прычыны затрыманьня яму не назвалі, у адказ на пытаньні, кажа ён, толькі ўсьміхаліся.

Ды гаспадар дома, зь якога выходзіла кампанія, на будынку мае тры камэры назіраньня — кадры зь іх паказалі значныя несупадзеньні міліцэйскага рапарту з тым, што было. У прыватнасьці, Карбалевіч нібыта «не падпарадкоўваўся» міліцыянту, які знаходзіўся за паўкілямэтра ад месца «непадпарадкаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікаў КДБ западозрылі ў зьбіцьці дырэктара гомельскай кавярні. Камітэт не камэнтуе