На відэаблогерку Вольгу Жураўскую (Youtube-канал «Снимать разрешено») завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ), паведамляе «Віцебская вясна».
Цяпер Вользе Жураўскай пагражае да 3 гадоў абмежаваньня волі. Справу завялі ў Першамайскім РАУС Віцебску.
Згодна з пастановай, блогерка разьмясьціла на сваім ютуб-канале відэаролік «Няпрошаныя госьці/Працяг гісторыі», а таксама камэнтар да яго, у якім ёсьць выказваньні з нэгатыўнай ацэнкай маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. Гэтым, на думку міліцыянтаў, Жураўская «публічна абразіла апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».
Як мяркуе сама Жураўская, міліцыянта Шчаглова абразіў верш у камэнтарах пад відэа, які, паводле блогеркі, апублікавала не яна, а адзін з падпісчыкаў каналу. Аўтар камэнтару ўжыў у вершы слова «казёл» і параўнаў супрацоўніка міліцыі з гамадрылам. Сам верш пазьней хтосьці выдаліў, кажа Жураўская, прычым у той час, калі яна ня мела доступу да свайго каналу.
У сьнежні 2019 году блог «Здымаць дазволена» ўзламалі невядомыя. Пазьней у кватэры Вольгі адбыўся ператрус, падчас якога міліцыянты канфіскавалі ўсю тэхніку. Паводле Жураўскай, усе яе відэакамэры і кампутары дагэтуль знаходзяцца ў Сьледчым камітэце.
У самім відэароліку «Няпрошаныя госьці» гучаць таксама словы «мудак» і «хрэн», але, паводле Жураўскай, лінгвістычная экспэртыза, праведзеная падчас праверкі паводле папярэдняй заявы міліцыянта Шчаглова, не прызнала іх зьневажальнымі. Праверку праводзілі на датычнасьць блогеркі да злачынства паводле арт. 189 КК (абраза), а крымінальную справу завялі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў).
«Сьледчы мне сказаў, што такое было распараджэньне зьверху», — кажа Вольга Жураўская.