Расея надрукуе пятую частку ўсіх наяўных у Вэнэсуэле грошай

Ілюстрацыйнае фота.

Расейская кампанія «Гознак» надрукуе 300 мільёнаў купюр балівараў для Вэнэсуэлы агульным наміналам каля $143 мільёнаў, паведамляе Bloomberg. Гэта прыкладна пятая частка ўсіх наяўных у краіне грошай.

Раней Вэнэсуэла друкавала грошы ў Вялікабрытаніі, аднак Каракас ня змог заплаціць брытанскаму вытворцу банкнот, адзначае агенцтва.

У Расеі надрукуюць банкноты наміналам ад 10 тысяч да 50 тысяч балівараў. За гэта «Гознак» павінен атрымаць каля 7 мільёнаў эўра. Прадпрыемства вырабляе наяўныя і дакумэнты для больш за 20 краінаў сьвету. У 2014 годзе «Гознакам» на экспарт было пастаўлена больш за мільярд гатовых банкнот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Deutsche Bank канфіскаваў у Вэнэсуэлы 20 тон золата — СМІ

Пасьля катастрафічнага зьніжэньня нафтаздабычы і дэградацыі інфраструктуры пры прэзыдэнце Нікаласе Мадура ў Вэнэсуэле адбываецца гіпэрінфляцыя. У 2018 годзе правялі дэнамінацыю балівара, у выніку чаго намінал купюр паменшылі ў 10 тысяч разоў.