Джонсан паабяцаў аб’яднаць брытанцаў і захаваць сяброўства з ЭЗ

Борыс Джонсан

У Вялікабрытаніі падведзеныя канчатковыя вынікі выбараў у Палату абшчын парлямэнта, якія прайшлі ў чацьвер. Кансэрватары прэмʼер-міністра Борыса Джонсана дамагліся пераканаўчай перамогі — у іх будзе 365 месцаў з 650.

Гэта найлепшы вынік за сучасную гісторыю партыі. Наадварот, вынік іх галоўных супернікаў — лейбарыстаў найгоршы за апошнія больш чым 80 гадоў. У іх толькі 203 месцы. Посьпеху дасягнула Шатляндзкая нацыянальная партыя, якая атрымала 48 мандатаў, перамогшы ў пераважнай большасьці акругаў у Шатляндыі. Лібэральна-дэмакратычная партыя атрымала толькі 11 мандатаў, Партыя Уэльса — 4, зялёныя — 1, паведамляе BBC. У Паўночнай Ірляндыі адноснага посьпеху дамагліся прыхільнікі абʼяднаньня Ірляндыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія зноў галасуе. Што пасьля выбараў будзе з Brexit?

За кансэрватараў па ўсёй краіне прагаласавалі 43,6% выбаршчыкаў, за лейбарыстаў 32,2%.

Борыс Джонсан захавае крэсла прэмʼера і сфармуе аднапартыйны кабінэт, які ён назваў «народным агульнанацыянальным урадам». Выступаючы перад сваёй рэзыдэнцыяй на Даўнінг-стрыт у Лёндане, Джонсан адзначыў, што кансэрватары перамаглі нават у тых акругах, дзе не перамагалі 100 гадоў, і прадстаўляюць інтарэсы ўсёй нацыі.

Ён пацьвердзіў, што мае намер вывесьці Брытанію з ЭЗ да канца студзеня — новы склад парлямэнта павінен без праблем ратыфікаваць дасягнутае раней пагадненьне аб Brexit. У той жа час, Джонсан зьвярнуўся з прымірэнчымі словамі да тых, хто не галасаваў за яго, праціўнікам Brexit.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Brexit і яго наступствы. Тлумачым тым, хто ўжо заблытаўся і не разумее, што адбываецца

Ён сказаў, што Брытанія захавае сяброўства з ЭЗ і будзе супрацоўнічаць з ЭЗ у пытаньнях барацьбы са зьменамі клімату і тэрарызмам, у гандлі, навуцы і культуры. Прэмʼер заклікаў зрабіць паўзу ў палітычных баталіях, заявіўшы, што Брытанія заслужыла таго, каб перадыхнуць і замест спрэчак аб Brexit заняцца ўнутранымі праблемамі. Ён адзначыў, што ўрад мае намер маштабна інвэставаць у ахову здароўя, адукацыю і інфраструктуру. «Трэба абʼяднацца і рухацца ўверх» — сказаў Джонсан.

Адным з першых выклікаў для прэмʼера будуць заклікі Шатляндзкай нацыянальнай партыі правесьці паўторны рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі. Шатляндзкія нацыяналісты сьцьвярджаюць, што атрымалі на выбарах моцны мандат для перамоў зь Лёнданам.