Навальны: жонка Мядзьведзева лётае на самалёце за 50 мільёнаў даляраў

Прыватны самалёт Bombardier Global Express 5000

Жонка прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева рэгулярна карыстаецца прыватным самалётам Bombardier Global Express 5000 коштам каля 50 мільёнаў даляраў, гаворыцца ў новым расьсьледаваньні Аляксея Навальнага.

Як сьцьвярджае расейскі апазыцыянэр, гэты бізнэс-джэт раней належаў структурам банка ВТБ, машына запісаная на кампанію ў Бэлізе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд Навальнага па барацьбе з карупцыяй унесены ў Расеі ў сьпіс «замежных агентаў»

Навальны супаставіў палёты джэта ў аплікацыі Planefinder з графікам паездак Святланы Мядзьведзевай і выявіў, што самалёт рэгулярна зьяўляецца ў той самы час там, дзе і жонка прэм’ер-міністра.

Сярод маршрутаў — рэйсы ў Арэнбург, Уфу, Кемерава і Санкт-Пецярбург, а таксама ў Ізраіль і на Кіпр. Навальны знайшоў як мінімум 11 супадзеньняў маршрутаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны: Крэмль будзе гуляць на пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі

Згодна з апошняй дэкларацыяй аб даходах прэм’ер-міністра, у 2018 годзе за год ён зарабіў каля 10 мільёнаў рублёў. У Сьвятланы Мядзьведзевай — нулявы даход. Кошт арэнды бізнес-джета — каля 7–10 тысяч даляраў.

«Сям’я Мядзьведзева можа падарожнічаць і адпачываць толькі за свой кошт. Любыя іншыя сцэнары — гэта або крадзеж зь дзяржбюджэту, або хабар ад алігархаў. Адпачынак і вандраваньні сваёй жонкі можа аплачваць толькі Мядзьведзеў асабіста. Таму што ёй аплачваць проста няма чым: яна ніколі не працавала і даходу ня мае. А ў Мядзьведзева зарплата хоць і велізарная — 800 тысяч у месяц — але і ўсёй месячнай зарплаты нашага галоўнага адзінароса хопіць на аплату адной гадзіны палёту самалёта Сьвятланы Мядзьведзевай», — заявіў Навальны.

Дзьмітрый Мядзьведзеў 5 сьнежня дасьць сваё штогадовае інтэрвію адразу 20 расейскім тэлеканалам. Не вядома, ці пракамэнтуе ён гэтае расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.