Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4-гадовы ўнук чальца расейскага ЦВК купіў кватэру за $7 мільёнаў, — фонд Навальнага


Барыс Эбзееў падчас інаўгурацыі на пасаду кіраўніка Карачаева-Чаркесіі ў верасьні 2008 году
Барыс Эбзееў падчас інаўгурацыі на пасаду кіраўніка Карачаева-Чаркесіі ў верасьні 2008 году

Фонд барацьбы з карупцыяй, заснаваны расейскім апазыцыянэрам Аляксеем Навальным, сьцьвярджае, што ўнук чальца Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі Барыса Эбзеева Артур у чатыры гады купіў кватэру ў цэнтры Масквы. Кватэра каштавала прыблізна паўмільярда расейскіх рублёў (больш за 7 мільёнаў даляраў).

Расьсьледаваньне апублікавана ў блогу Навальнага, які цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.

Кватэру плошчай 274 квадратных мэтры Артур Эбзееў, як вынікае з дакумэнтаў, набыў у 2009 годзе. Навальны падкрэсьлівае, што ўнук судзьдзі Канстытуцыйнага суду менавіта купіў яе на сваё імя, яна не была яму падораная. Пры гэтым Навальны мяркуе, што ў ягонага дзеда, Барыса Эбзеева, як і ягонага бацькі, які працаваў да куплі кватэры ў Пэнсійным фондзе, не магло быць такіх грошай з афіцыйных даходаў.

Праз чатыры гады пасьля куплі Артур Эбзееў, як вынікае з дакумэнтаў, прадаў кватэру афшору з Брытанскіх Віргінскіх выспаў. Пры гэтым на ягонае імя набытая нерухомасьць у Падмаскоўе.

Барыс Эбзеев — доктар юрыдычных навук, быў чальцом Канстытуцыйнага суду Расеі з моманту яго стварэньня ў 1991 годзе, затым займаў пасаду кіраўніка Карачаева-Чаркесіі, а потым вярнуўся ў Канстытуцыйны суд. Менавіта ён выступаў у судзе у 2018 годзе з абгрунтаваньнем нядопуску Аляксея Навальнага на выбары прэзыдэнта Расеі. Навальны называе Эбзеева «юрыдычным стаўпом пуцінскага рэжыму» і ускладае на яго адказнасьць, у тым ліку, за нядопуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу.

Эбзееў пакуль не пракамэнтаваў публікацыю ў блогу Навальнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG