Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пройдзе 7 сьнежня ў Сочы

Плянуецца, што сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна павінна адбыцца напрыканцы гэтага тыдня. Ёй будзе папярэднічаць сустрэча кіраўнікоў урадаў краінаў, паведаміла ў камэнтары Радыё Свабода прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ідзе са скрыпам, людзі працуюць начамі». Венядзіктаў пра падрыхтоўку дакумэнтаў аб інтэграцыі

«Сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, як плянуецца, адбудзецца напрыканцы тыдня, — паведаміла Свабодзе Натальля Эйсмант. — Перад ёй чарговы раўнд перамоваў правядуць прэм’еры, затым яны паведамяць аб выніках працы кіраўнікам краін. Пасьля гэтага і адбудзецца асноўная сустрэча, пра якую так шмат цяпер гавораць».

Канкрэтнай даты і месца сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна Натальля Эйсмант не назвала.

Пазьней Telegram-канал «Пул Первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, паведаміў са спасылкай на Эйсмант, што сустрэча пройдзе 7 сьнежня ў Сочы. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА паведаміла пра гэтую ж дату і месца са спасылкай на «Пул Первого». Затым дату і месца пацьвердзіў ТАСС прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Расеі пацьвердзілі сустрэчу прэм'ераў Мядзьведзева і Румаса 6 сьнежня

Як стала вядома 2 сьнежня, кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас сустрэнецца са сваім расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у бліжэйшую пятніцу 6 сьнежня ў Сочы. Падчас сустрэчы кіраўнікі ўрадаў павінны ўзгадніць працу па падпісаньні так званых інтэграцыйных «дарожных мапаў».

Як паведаміла ў Фэйсбуку прэс-сакратарка беларускага ўраду Аляксандра Ісаева, сёньня, 3 сьнежня, прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас сустрэўся з амбасадарам Расеі ў Беларусі Дзьмітрыем Мезенцавым для абмеркаваньня пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама будучай сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі.

Паводле яе, падчас сустрэчы Румас адзначыў, што «сумесная праца ўрадаў дзьвюх краін па паглыбленьні супрацоўніцтва ў рамках інтэграцыйных аб’яднаньняў будзе спрыяць узаемнаму эканамічнаму росту і павышэньню дабрабыту грамадзян».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці падпішуць Лукашэнка і Пуцін 8 сьнежня праграму паглыбленьня інтэграцыі?

Першапачаткова плянавалася, што падрыхтаваныя «дарожныя мапы» будуць прадстаўленыя Аляксандру Лукашэнку і Ўладзіміру Пуціну да 1 сьнежня, падпісаньне дакумэнтаў меркавалася на гадавіну дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Аднак пазьней беларускі бок неаднаразова выказваў незадаволенасьць іх зьместам.

5 сьнежня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выступіць у Палаце прадстаўнікоў перад дэпутатамі 6 і 7 скліканьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «8 сьнежня — яшчэ не канец»: як палітыкі і актывісты плянуюць бараніцца ад інтэграцыі з Расеяй