Туркмэнскіх паліцыянтаў абавязалі вярнуць сваякоў з-за мяжы, а поўных — схуднець

Туркмэнскі паліцыянт правярае кіроўцу. Ілюстрацыйнае фота.

Супрацоўнікаў МУС Туркмэністану, чые блізкія сваякі працуюць за мяжой, пад пагрозай звальненьня абавязалі вярнуць іх у краіну. Пра гэта паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода.

Вяртаньне сваякоў да першага студзеня — адна з умоваў маштабнай пераатэстацыі супрацоўнікаў паліцыі. Акрамя таго на працягу месяца поўныя супрацоўнікі МУС павінны схуднець, таму што новы кіраўнік міністэрства «не любіць тоўстых паліцэйскіх», — паведамляе туркмэнская Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туркмэнскі лекар, які зьнік пасьля таго, як прызнаўся, што ён гей, выйшаў на сувязь. Цяпер ён усё адмаўляе

Новы міністар унутраных справаў Туркмэністану быў прызначаны на пачатку кастрычніка. Папярэдняга кіраўніка ведамства паказальна звольніў падчас нарады прэзыдэнт краіны Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён панізіў міністра ў званьні і пазбавіў яго дзяржаўных узнагародаў пасьля дакладу генэральнага пракурора. Некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў паліцыі былі арыштаваныя.

З чым зьвязанае распараджэньне вярнуць у краіну сваякоў паліцэйскіх — не паведамляецца. Туркмэністан — адна з самых закрытых краінаў былога Савецкага Саюза. У чэрвені 2018 году стала вядома, што ўлады не выпускаюць зь яе грамадзян да 40 гадоў (Ашхабад гэта адмаўляе).

Апошнія некалькі гадоў краіна знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе нягледзячы на тое, што валодае чацьвёртымі ў сьвеце даказанымі запасамі прыроднага газу.