Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не збудавалі ці не заплацілі? Што за канфлікт з туркмэнскім заводам, пра які другі раз згадаў Лукашэнка


Гарлыцкі калійны камбінат у Туркмэністане, 2017 год

Справа на 150 млн даляраў пачалася праз год пасьля таго, як Лукашэнка і Бэрдымухамэдаў урачыста адкрылі ў Туркмэністане завод, збудаваны беларусамі.

Аляксандар Лукашэнка 12 верасьня даручыў новаму амбасадару Беларусі ў Туркмэністане Вячаславу Бяскостнаму сустрэцца са службовымі асобамі Гарлыцкага камбінату, каб «выходзіць з гэтай сытуацыі годна», бо «гэта ж ня справа, што мы з дружным народам пачынаем у судах ладзіць разборкі», а «камбінат прастойвае», калі «ўжо даўно можна было здабываць калійную соль, прадаваць і атрымліваць вялізныя даходы» — «паўтара мільярда на год».

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей сказаў Лукашэнку, што Бяскостны ведае праблематыку, бо раней працаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня СНД у МЗС і працяглы час працаваў у Нігерыі, дзе добра сябе зарэкамэндаваў.

Што за канфлікт вакол калійнага камбінату?

  • У 2009 годзе Беларусь і Туркмэністан заключылі пагадненьне на 1 млрд даляраў — беларускія спэцыялісты мусілі да 2015 году збудаваць горна-ўзбагачальны камбінат у пасёлку Гарлык, што на самым усходзе Туркменістану, каля межаў з Аўганістанам і Ўзбэкістанам. Радовішча там разьведалі яшчэ ў 1960-я, спрабавалі распачаць здабычу ў 1990-я.
  • Амаль адразу, таксама ў 2009 годзе, Лукашэнка і кіраўнік Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заклалі капсулу на пляцоўцы будучага заводу. Але фактычна будоўля пачалася толькі ў 2012-м.
  • Пасьля таго як завод не збудавалі ў належны тэрмін, адкрыцьцё перанесьлі на 2017 год. Туркмэнскія ўлады тады выказвалі незадаволенасьць беларускім генпадрадчыкам «Белгорхімпрам» — выявілі парушэньні ў забесьпячэньні падрадчыкаў матэрыяламі, не давалі доступу да праектных зьвестак. Ужо тады беларусы пачыналі скардзіцца, што туркмэнскі бок ня плаціць будаўнікам заробкі.
  • У сакавіку 2017-га завод усё ж дабудавалі, Лукашэнка і Бэрдымухамэдаў адкрылі камбінат. Тады гэта называлі «найбуйнейшым замежным праектам» беларускіх будаўнікоў.
  • Па стане на 2018 год Туркмэністан быў вінен Беларусі за камбінат яшчэ 200 млн даляраў, і беларускі бок казаў пра пратэрмінаваную запазычанасьць у 85 млн рублёў. У Туркмэністане ў той час быў жорсткі эканамічны крызіс.
  • Туркмэністан жа казаў пра парушэньні, выяўленыя на камбінаце пасьля ўводу ў эксплюатацыю, хоць Лукашэнка заяўляў, нібы Бэрдымухамэдаў прасіў яго збудаваць ужо другі такі камбінат («Беларуськалій» пасьля сьцьвярджаў, што той другі камбінат Беларусь сама адмовілася будаваць).
  • Восеньню 2018 году Бэрдымухамэдаў заявіў, што «праца гэтага індустрыяльнага гіганта ня выведзеная на праектную магутнасьць, а ад кіраўнікоў не паступае ніякіх прапановаў па выпраўленьні сытуацыі». Лукашэнка пасьля гэтага адзначыў, што Беларусь дагэтуль не атрымала грошай за будаўніцтва, а «прадаваць і працаваць сабе на страту, гадамі чакаючы разьлікаў, недапушчальна».
  • У сакавіку 2019 году «Туркмэнхімія» падала ў міжнародны арбітраж факты невыкананьня «Белгорхімпрамам» сваіх абавязаньняў — праектная магутнасьць «не дасягнутая нават на 5%». Беларускі бок пацьвердзіў, што атрымаў прэтэнзіі, але сам запатрабаваў 150 млн даляраў за выкананыя працы.
  • Паводле «Белгорхімпраму», беларусы сапраўды ня выканалі частку абавязаньняў, але па віне туркмэнскага боку. Кіраўнік прадпрыемства казаў, што чакае тых 150 млн за выкананыя працы і ня стане «рабіць нешта бясплатна» і «крэдытаваць Туркмэністан».
  • Празь месяц агенцтва Reuters расказала, што «замежныя кампаніі выстройваюцца ў чаргу, каб судзіцца з Туркмэністанам» за запазычанасьці, тым часам як у краіны не хапала грошай нават на выплаты сваім грамадзянам, якія пацярпелі ад стыхійных бедзтваў. Reuters зьвязвала гэта з падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG