Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане затрымліваюць распаўсюднікаў чутак пра сьмерць прэзыдэнта


«Няхай абароніць Алах прэзыдэнта ад здраднікаў радзімы». Зоркі Туркмэністану заклікаюць ня верыць паведамленьням пра сьмерць Бердымухамедава.

У Туркмэністане пачалі затрымліваць распаўсюднікаў чутак пра сьмерць прэзыдэнта Гурбангулы Бердымухамедава, паведамляе сайт «Хронікі Туркмэністану». Паводле яго, затрыманыя — супрацоўнік Лябапскага аддзяленьня «Туркмэнтэлекаму», работнікі воднай гаспадаркі і мясцовай ЖКГ.

Раней на тле паведамленьняў мясцовых СМІ, а затым афіцыйнага аспрэчаньня інфармацыі пра сьмерць прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедава, у сацсетках зьявіліся відэазвароты прадстаўнікоў туркмэнскай эстрады, якія заклікаюць ня верыць «ілжывым паведамленьням» пра «стан прэзыдэнта». Яны прапануюць разьмяшчаць на сваіх старонках публікацыі з хэштэгам #duryalan (# стопложь), паведамляе Радыё Азатлык.

«У гэтыя дні ў інтэрнэце распаўсюдзілі вельмі непрыемныя паведамленьні пра паважанага прэзыдэнта. У мяне да вас просьба: вы гэтым размовам ня верце, гэта хлусьня», — кажа блогер Ягшы Гашунаў і зычыць здароўя прэзыдэнту ды праклінае «паклёпнікаў».

«Няхай абароніць Алах у першую чаргу прэзыдэнта, а таксама наш народ ад здраднікаў радзімы», — піша туркмэнская сьпявачка Селбі Тувакгылыджава ў «Інстаграме».

21 ліпеня апазыцыйны ютуб-канал «Свабодны Туркмэністан» са спасылкай на сваіх карэспандэнтаў у сталіцы краіны паведамляў, што кіраўнік дзяржавы памёр 20 ліпеня з прычыны вострай ныркавай недастатковасьці.

Прэзыдэнт апошні раз паяўляўся на публіцы 5 ліпеня. 15 ліпеня прэс-служба апублікавала паведамленьне аб тым, што прэзыдэнт знаходзіцца ў адпачынку, і выпусьціла відэазапіс, дзе той гуляе з унукамі і кацянятамі.

Паводле выданьня «Хронікі Туркмэністану», самалёт прэзыдэнта бачылі ў Нямеччыне 12 ліпеня. Паведамлялася, што ў Нямеччыну прыляцела маці Бердымухамедава, якая знаходзіцца ў цяжкім стане, і зьнікненьне прэзыдэнта з інфармацыйнай прасторы краіны нібы было зьвязана не зь ягонай сьмерцю, а зь цяжкай хваробай яго маці.

Бердымухамедаў упершыню стаў прэзыдэнтам Туркмэністану ў 2007 годзе — пасьля сьмерці папярэдняга Туркмэнбашы Сапармурата Ніязава, чыім лекарам ён быў.

У верасьні 2016 году ў Канстытуцыю Туркмэніі ўнесьлі зьмены, якія павялічваюць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў. Тады ж было адмененае ўзроставае абмежаваньне для выбраньня прэзыдэнтам.

Ад таго часу ў краіне ўсталяваўся культ асобы Бердымухамедава, якому нададзены тытул Аркадаг — Заступнік усіх Туркмэнаў.

У чэрвені Бердымухамедаву споўнілася 62 гады. Сёлета сьвяточныя цырымоніі адрозьніваліся ад папярэдніх гадоў. Так, была зладжаная адмысловая служба, на якой імам і міністры маліліся аб здароўі Бердымухамедава.

Апошнія некалькі месяцаў зьяўляюцца чуткі пра цяжкую хваробу туркмэнскага лідэра і ён рэгулярна зьнікае з вачэй публікі на працяглы час.

За час свайго кіраваньня Бердымухамедаў прасоваў па палітычнай лесьвіцы свайго 37-гадовага сына Сердара Бердымухамедава, якога разглядаюць як пераемніка. У чэрвені яго прызначылі кіраўніком былой ашхабадзкай вобласьці Туркмэністану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG