Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскі лекар, які зьнік пасьля таго, як прызнаўся, што ён гей, выйшаў на сувязь. Цяпер ён усё адмаўляе


Касымбэрды Гараеў
Касымбэрды Гараеў

Туркмэнскі доктар-кардыёлаг Касымбэрды Гараеў, які ў кастрычніку распавёў Свабодзе пра сваю гомасэксуальнасьць, а пасьля гэтага зьнік і, магчыма, быў арыштаваны, выйшаў на сувязь з журналістамі.

Увечары 6 лістапада ў рэдакцыю туркмэнскай службы Радыё Свабода патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся Максатом Гараевым — бацькам Касымберды Гараева. Ён сказаў, што з сынам усё ў парадку, а таксама дапамог зьвязацца зь ім праз месэнджэр. У размове па відэасувязі лекар заявіў: усё, што раней пра яго паведамлялася, не адпавядае рэчаіснасьці, а запісанае відэа было памылкай.

Гей з Туркмэністану, чыю гісторыю ў кастрычніку ананімна распавяла туркмэнская служба Свабоды, пасьля 24 кастрычніка не выходзіў на сувязь з журналістамі, не зьяўляўся на працы, яго сям’я зьмяніла месца жыхарства і зьехала з Ашгабаду.

У Туркмэністане за гомасэксуальныя стасункі пагражае да двух гадоў турмы. Гараеў, як паведамлялася раней, стаў першым прадстаўніком ЛГБТ з гэтай краіны, які асабіста зьвярнуўся ў СМІ і расказаў сваю гісторыю.

Журналісты не называлі яго сапраўднае імя. Пазьней Касымбэрды Гараеў дазволіў яго раскрыць, запісаўшы відэазварот да блізкіх на выпадак, калі зь ім, як ён сам казаў, нешта здарыцца. Відэа запісалі 13 кастрычніка за 10 дзён да зьнікненьня, калі мужчына ноччу дзяжурыў у сябе ў клініцы.

6 лістапада ў сувязі з візытам прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамэдава ў Італію італьянская сэнатарка Моніка Чырына выступіла з заявай у абарону Касымбэрды Гараева і заклікала чальцоў італьянскага ўраду выказаць заклапочанасьць яго лёсам на сустрэчы з туркмэнскай дэлегацыяй.

Італьянская арганізацыя Arcigay, Эўразійская кааліцыя па пытаньнях здароўя мужчын (ЕСОМ) заклікалі ўрад Італіі на сустрэчах з дэлегацыяй Туркмэністану ўзьняць пытаньне зьнікненьня Гараева. Міжнародная арганізацыя Allout заявіла, што пачынае кампанію ў абарону Гараева.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Right Watch 1 лістапада выдала заяву з заклікам да ўраду Туркмэністану тэрмінова адказаць, ці знаходзіцца Гара ў зьняволеньні, і калі гэта так, то неадкладна вызваліць яго і растлумачыць затрыманьне.

Туркмэністан застаецца ў ліку краінаў, дзе гомасэксуальныя стасункі падлягаюць крымінальнай адказнасьці. Такіх краінаў у сьвеце налічваецца каля 60-ці, і іх робіцца ўсё менш.

У Беларусі крымінальная адказнасьць за гомасэксуальныя стасункі была скасаваная ў 1994 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG