ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Вэнэсуэлы

Пратэсты ў Вэнэсуэле, ілюстрацыйнае фота (красавік 2019 году)

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ўвяла санкцыі ў дачыненьні пяці вэнэсуэльскіх сілавікоў і палітыкаў, працягваючы ўзмацняць ціск на Каракас, паведамляе Міністэрства фінансаў ЗША.

Санкцыі ўвялі за гвалтоўнае задушэньне пратэстаў у Вэнэсуэле, да якога, як мяркуецца, яны датычныя, а таксама за карупцыю.

У санкцыйны сьпіс трапілі камандуючы Стратэгічнага апэратыўнага камандаваньня Вэнэсуэлы Рэміхіё Сэвальляс Ічаса, маёр Нацыянальнай гвардыі Нэстар Нэпталі Хуртада, генсакратар Рады нацыянальнай абароны Хасэ Адэліна Арнэляс Фэрэйра, намесьнік кіраўніка Нацыянальнай канстытуцыйнай асамблеі Пэдра Мігель Карэна Эскабар і высокапастаўлены супрацоўнік выведкі Карляс Альбэрта Кальдэрон Чырынас. Усе чыноўнікі раней ужо апынуліся пад санкцыямі з боку Эўразьвязу або Канады.

ЗША прызнаюць легітымным прэзыдэнтам краіны лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо і ўжываюць эканамічны ціск на ўрад Вэнэсуэлы і дзяржаўную нафтавую кампанію, спрабуючы пераканаць Мадура падаць у адстаўку.