Пашырэньне ЭЗ на сёньня мёртвае і блізкім часам яго не зьбіраюцца рэанімаваць, піша брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Апошнім часам шматлікія экспэрты адчуваюць спакусу напісаць нэкралёг па палітыцы пашырэньня Эўразьвязу. Хоць я і прызнаю гэтыя аргумэнты, я заўсёды супраціўляўся гэтай спакусе — але ж дзьве апошнія падзеі ў Брусэлі прымусілі мяне перадумаць. Так, палітыка пашырэньня эўрапейскай супольнасьці сёньня сапраўды выглядае мёртвай і, хутчэй за ўсё, застанецца такой на доўгі час. Паглядзіце, што адбылося на саміце кіраўнікоў дзяржаў і лідэраў урадаў краін Эўразьвязу ў бэльгійскай сталіцы 17-18 кастрычніка.
Галоўнай павесткай сустрэчы было пагадненьне паміж ЭЗ і Вялікабрытаніяй наконт Brexit, якога дасягнулі раніцай і якое ахвотна падтрымалі лідэры Эўразьвязу ў канцы таго дня. Іншай тэмай стала адмова Францыі даць Альбаніі і Паўночнай Македоніі дазвол пачаць перамовы аб уступленьні у Эўрапейскі Зьвяз нават пасьля доўгіх і гарачых абмеркаваньняў паміж лідэрамі краін — перамовы скончыліся ў 2.30 раніцы безь ніякіх пісьмовых высноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз адмовіўся пачаць перамовы аб уступленьні Альбаніі і Паўночнай МакедонііПачнем з Brexit. Дагэтуль не зусім зразумела, ці адбудзецца выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ блізкім часам, хоць брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан яшчэ спадзяецца, што гэта атрымаецца зрабіць да канца месяца. Але відавочна, што іншыя краіны-чальцы ЭЗ стаміліся ад такой палітыкі Лёндану. Падчас апошніх перамоваў, Брусэль дазволіў Брытаніі перасекчы дзьве тлустыя чырвоныя лініі — дазволіў падняць папярэднія дамовы аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ для абмеркаваньня і дазволіў правесьці двухбаковыя перамовы паміж Вялікабрытаніяй і Ірляндыяй. Гэтае нечаканае жаданьне пайсьці на саступкі паказвае, што Эўразьвяз сапраўды хоча як мага хутчэй вырашыць праблему Brexit і далей спраўляцца са сваімі праблемамі ўжо як блок з 27 чальцоў.
Толькі вось Эўразьвяз 27 краін будзе ўжо фундамэнтальна іншым клюбам — і гэта можа ня вельмі станоўча паўплываць на суседзяў ЭЗ. Так, сытуацыя з Брытаніяй была з самага пачатку крыху іншай — краіна часта адной нагой ужо стаяла «за дзьвярным парогам». Але менавіта Вялікабрытанія была насамрэч адной з самых інтэрнацыянальна накіраваных краін Эўрапейскага Зьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз пагадзіўся адкласьці Brexit да 31 студзеняМенавіта Брытанія пры Тоні Блэйры моцна падтрымлівала пашырэньні 2004 і 2007 гадоў, якое прывяло да далучэньня 10 новых краінаў былога сацыялістычнага блёку. І хоць пераемнікі Блэйра сталі крыху больш скептычна да гэтага ставіцца пасьля таго як мільёны людзей з новых краін Эўразьвяза сьцякліся ў Брытанію ў пошуках працы, Лёндан заўсёды быў схільны да таго, каб трымаць дзьверы адчыненымі — тым самым расчароўваючы іншых партнэраў па блоку, што ў больш прыватных абставінах скардзіліся на жаданьне Брытаніі паслабіць ЭЗ і зрабіць кіраваньне палітычным зьвязам яшчэ больш нязручным.
У любым выпадку, даволі іранічна што Брытанія вырашыла пакінуць Эўразьвяз, хоць менавіта празь яго каралеўства стала мець больш хаўрусьнікаў на кантынэнце, чым калісьці раней у сваёй гісторыі, а сам ЭЗ ператварыўся зь пераважна франкамоўнай суполкі ў тую, дзе галоўнай lingua franca par excellence стала ангельская мова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Брытанскі прэм'ер мае намер дамагацца ўсеагульных выбараў. Назваў датуПрыкладам новага, больш сканцэнтраванага на сабе падыходу Эўразьвязу, стала Францыя, якая ўжо трэці раз за апошнія 16 месяцаў блякуе заяўкі Тыраны і Скоп’е. Гэта было зроблена на найвышэйшым узроўні. Ужо ня грала ніякай ролі і тое, што іншыя лідэры называлі гэта рашэньне гістарычнай памылкай і папярэдзілі, што на кон пастаўлены давер да Эўразьвязу, што Эўрапейская камісія двойчы ў справаздачах хваліла рэформы, якія былі зробленыя ў дзьвюх заходнебалканскіх краінах. Нават гістарычнае пагадненьне, у выніку якога Македонія была вымушана зьмяніць сваю назву, не пераканала Парыж зьмяніць сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні.
За апошні год, Францыя зьвярнулася да шэрагу аргумэнтаў супраць уступленьня Паўночнай Македоніі і Альбаніі ў Эўразьвяз. Спачатку французы заявілі, што Эўразьвяз ня мае магчымасьцяў прымаць новых чальцоў, нават нягледзячы на тое, што размова ідзе толькі аб тым каб пачаць перамовы — і ў такім выпадку пройдзе шмат гадоў перад тым, як новыя краіны змогуць далучыцца да ЭЗ. Потым яны сказалі, што неабходна паглыбляць інтэграцыю Зьвязу, замест таго каб яго пашыраць — пры гэтым гісторыя паказвае, што абодва працэсы могуць адбывацца адначасова (узгадайце прыняцьце эўра і экспансію ЭЗ на ўсход — гэта адбывалася амаль адначасова ў пачатку 21 стагодзьдзя).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паўночную Македонію «гатовыя вітаць» як 30-га сябра NATOЦяпер Францыя хоча новую мэтодыку перамоваў аб пашырэньні ЭЗ перад тым, як яна зможа адказаць «так» на пытаньне аб далучэньні дзьвюх балканскіх краін. Ніхто сапраўды да канца не разумее, з чаго будзе складацца гэтая новая мэтодыка, але Эўракамісія абяцае новую справаздачу вясной наступнага году і тады ЭЗ зможа ізноў вярнуцца да гэтага пытаньня і паспрабаваць вырашыць лёс Альбаніі і Паўночнай Македоніі.
Праблема ў тым, што, магчыма, шкода ўжо нанесена. Да таго часу, калі Эўразьвяз зможа вярнуцца да гэтага пытаньня, у Паўночнай Македоніі можа зьмяніцца ўрад — ня факт, што новыя кіраўнікі краіны будуць такім ж праэўрапейскімі. Такім чынам ЭЗ таксама шле сыгнал Чарнагорыі і Сэрбіі, перамовы зь якімі ідуць з хуткасьцю сьлімака, што хутчэй за ўсё ніякага паскарэньня не будзе. Гэта таксама абмяжоўвае ўплыў Брусэлю на вырашэньне ўнутраных праблем Босьніі і на дыялёг паміж Прыштынай і Бялградам, бо пэрспэктыва канчатковага ўступленьня гэтых краін у эўрапейскае аб’яднаньне пачынае здавацца сумнеўным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь замарожаная ў часе толькі для тых, хто прыехаў на паўгадзіны, — гісторык Тымаці Гартан ЭшСтановішча заходнебалканскіх краін таксама добра бачаць і іншыя патэнцыйныя кандыдаты на сяброўства ў ЭЗ, такія як Грузія, Малдова і Ўкраіна. Слушнай была б здагадка, што Эўразьвяз у 2020-х гадах хутчэй за ўсё будзе скарачацца, а не пашырацца. Пашырэньне на сёньня мёртвае і блізкім часам яго не зьбіраюцца рэанімаваць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.