Суд Гомельскага раёну абвясьціў прысуд у крымінальнай справе за «какаін у віне» з Дамініканы. Абвінавачаныя — 30-гадовы Леанід і 44-гадовы Андрэй, жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну. Іх пакаралі пазбаўленьнем волі на 11 і 16 гадоў.
Паводле вэрсіі сьледзтва і суду, Леанід і Андрэй уваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай групоўкі. Пад выглядам турыстаў яны наведвалі Дамініканскую Рэспубліку і адтуль прывозілі какаін, распушчаны ў віне. Іх затрымалі на памежным пункце пропуску «Новая Гута» ў траўні 2018 году. Абвінавачаныя цалкам адмаўлялі сваю віну.
Пасьля агучваньня прысуду 44-гадовы Андрэй хацеў даць прысутным журналістам камэнтар. Ён паказаў свае парэзаныя рукі (у абвінавачанага ў СІЗА былі дзьве спробы самазабойства) і заявіў пра «самаўладзьдзе гомельскага суду і начальніка наркакантролю МУС Высоцкага». Больш нічога сказаць не пасьпеў, на асуджанага накінуўся канвой, скруціў і выцягнуў з-за кратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прыехалі бульбу саджаць, а іх затрымалі «за наркотыкі». Судзяць беларусаў, якія нібыта вазілі какаін з ДамініканыСваякі асуджаных — маці Леаніда і сястра Андрэя — абураныя такімі паводзінамі канвою і ўмовамі ўтрыманьня іхных блізкіх у СІЗА.
«Андрэя ў СІЗА знарок даводзілі да самагубства. Яго саджалі ў камэру да людзей зь ВІЧ і забойцамі, сукамэрнікі падпальвалі яму прасьціну, каб ён ня мог спаць. Яго даводзілі яго да нэрвовага зрыву, каб даў паказаньні і прызнаўся ў злачынстве.
За першую спробу суіцыду ён правёў каля дзесяці дзён у карцэры, дзе сядзеў па шчыкалатку ў вадзе. Цяпер на вашых вачах скруцілі і не далі і слова сказаць, не далі нават з адвакатам пагаварыць», — заявіла сястра Андрэя.