У гомельскай школе №15 працягваецца скандал, які пачааўся з інцыдэнту з «настаўніцай з партай». Людміла Чацьвярткова вярнулася на працу, але дырэктара на загад Аляксандра Лукашэнка звальняюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Настаўніцу з партай» вярнулі ў школу, дырэктара звольнілі, прэмʼера папярэдзілі — загад Лукашэнкі«У нас вельмі добрая дырэктарка. Калі яе звольняць, мы пойдзем усе са школы», — заявіла адна з настаўніц.
Людміла Чацьвярткова заявіла журналістам: «На гэты момант я не магу вам даць камэнтары. Мне трэба адвесьці ўрокі. Скончацца ўрокі — я буду даваць камэнтары».
Людміла Чацьвярткова
Бацькі і настаўнікі надта хвалююцца за лёс дырэктаркі Марыны Чарненкі. Яна ў свой час скончыла школу №15, выкладала тут у пачатковых клясах, была намесьніцай дырэктара. Два апошнія гады працуе дырэктарам. Чарненка і сёньня ў школе, але адмаўляецца ад камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка: «Я на месцы гэтай настаўніцы галаву б адкруціў шчанюку»«Мы ідзём выконваць даручэньне прэзыдэнта»
У школу №15 прыехаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук. Ён накіраваўся ў кабінэт дырэктара.
«Мы ідзём выконваць даручэньне прэзыдэнта — слова ў слова. Усё, што было сказана — пра звальненьне зь пераводам на іншую працу. Таму зараз будзем разглядаць варыянты. На сёньня ў нас вакансій няма, прынамсі ў Навабеліцкім раёне. Рашэньне прэзыдэнта я не абмяркоўваю — рашэньне прынятае, і наша задача яго выканаць», — пракамэнтаваў Атаманчук.
Чыноўнікі з гарвыканкама прыйшлі выконваць рашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Зьлева Віталь Атаманчук, намесьнік старшыні гарвыканкаму
Што кажуць бацькі
Пэнсіянэрка Лідзія Іванаўна прывяла ў школу ўнука, які вучыцца ў першай клясе. «Настаўніцу няправільна звольнілі! Я за яе. Калі нейкае малалетняе (нецэнзурна. – РС.) не паважае настаўніцу?! Настаўнік ёсьць настаўнік», — зазначыла пэнсіянэрка.
Сын жыхара Гомля вучыўся ў Людмілы Іванаўны Чацьвяртковай зь першай клясы. Ён просіць не называць ягонага імя, бо сын і цяпер вучыцца ў школе №15.
Уражаньні ў таты ад настаўніцы засталіся нэгатыўныя.
«Адзін раз, у першай клясе, ён прыйшоў з надарваным вухам — яна парвала яго, — выказаўся бацька. — Было парванае вуха! Потым вярнуўся з паламанай асадкай — яна так вучыла яго пісаць, ціснула на ягоныя пальцы так, што зламалася ручка. Потым прыйшоў зь сіняком на руцэ. Пасьля яна яго дэманстратыўна ставіла перад клясай і казала, што „вось, гляньце, няма ў яго ніякага сіняка“.
Я прыйшоў, папярэдзіў яе: яшчэ раз такое, я ведаю куды зьвяртацца. І яна супакоілася. Сын казаў, што яна то раве на ўроку, то дэманстратыўна выстаўляе да дошкі школьніка якога і кажа: «Вось, паглядзіце на яго, не зрабіў хатняга заданьня», ці «які ён нягоднік». Мой пункт погляду — так яна прыніжала дзяцей. Тое, што на відэа — гэта для яе нармальныя паводзіны».
Юлія
Маладая маці Юлія прывяла дачку, якая вучыцца ў другой клясе – на паралелі з 2 В, дзе выкладае «настаўніца з партай».
«Мы той настаўніцы ня ведаем — гэта адно, — кажа Юля. — Некаторыя бацькі кажуць, што яна вельмі жорсткі пэдагог. Некаторыя — што добры чалавек. Што там было – трэба разьбірацца з дзецьмі, хай яны расказваюць, што адбылося. Маё дзіця не паступіла б так, не хіхікала б і настаўніка не даставала б».
Марына
Яе прыяцелька Марына лічыць, што «зь дзецьмі цяпер трэба больш жорстка».
Настаўнікі абураныя звальненьнем дырэктаркі
Усе бацькі і пэдагогі, зь якімі размаўлялі журналісты, абураныя звальненьнем дырэктаркі.
«Яна столькі ўклала ў нашу школу! Які рамонт тут зроблены — прычым не за бацькоўскія грошы, яна сама шукала сродкі. Наша школа разьлічаная на 800 чалавек, а вучыцца 1800! І ўсіх трэба сюды ўціснуць, разьмясьціць», — кажуць супрацоўнікі школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як абаронцы агрэсіўнай настаўніцы падманваюць сябеГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму беларусы апраўдваюць «настаўніцу з партай»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Агрэсія як сьведчаньне бездапаможнасьці. Пра настаўніц з партамі ў рукахГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.