Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Людмілу Чацьвярткову, якая пагражала стукнуць школьніка партай і абражала яго. Пра гэта сказаў Свабодзе начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын.
«Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Настаўніца адноўленая на сваім месцы працы ў школе № 15, яна вяртаецца да працы з тымі ж дзецьмі, зь якімі працавала. Прычына аднаўленьня настаўніцы — вусны загад кіраўніка дзяржавы».
Чацьвярткова пакуль не камэнтуе сытуацыю:
«Я вельмі хвалююся, мне вельмі кепска. Нічога не магу пра гэта сказаць. Мне прапаноўвалі да гэтага шмат чаго, але я адмаўлялася», — сказала Tut.by Чацьвярткова.
Дырэктара школы звольнілі, міністра адукацыі папярэдзілі
Лукашэнка звольніў зь пераводам на іншую працу дырэктара гомельскай школы № 15, асобных чыноўнікаў Гомельскага гарвыканкаму і раённай адміністрацыі. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.
Вызваленых ад абавязкаў дырэктара школы і гомельскіх чыноўнікаў перавядуць на іншую працу. Таксама абвясьцілі вымовы шэрагу службовых асоб гомельскіх абласнога і гарадзкога выканкамаў.
За непрыманьне мераў па навядзеньню парадку ў школах і невыкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы «строга папярэдзілі»:
- прэмʼер-міністра Сяргея Румаса;
- кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву;
- віцэ-прэмʼера, адказнага за адукацыю — Ігара Петрышэнку.
Свабода датэлефанавалася да адноўленай на працы настаўніцы. Яна падзякавала за званок і сказала, што ня будзе камэнтаваць тое, што адбылося.
Гомельскі партал «Сильные новости» 13 верасьня апублікаваў відэа, зьнятае ў сярэдняй школе № 15 Гомля. На ім настаўніца крычыць і мацюкаецца падчас уроку расейскай мовы ў 4-й клясе. Яна пагражала вучню, што стукне яго партай, лаялася і абражала малалетняга. Таксама відаць, як настаўніца падняла парту і кажа: «Я пайду ў турму, а табе [мацюкі]».
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход. Настаўніцу звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я не лічу, што маты ў бок дзяцей — гэта норма», — бацька хлопчыка, на якога з партай кідалася настаўніца«Я настаўніцу толкам ня ведаю, яна першы раз у нас была на замене. Разумею, калі б дзіця нешта сыстэматычна парушала, у настаўніцы б набіралася гэта. Тут яна бачыць дзіця 20 хвілін — і ўжо такое сабе дазваляе», — казаў у камэнтары Свабодзе бацька 9-гадовага школьніка.
Мужчына не разумее, «што магло зрабіць дзіця, каб да яго прымяніць такое ўзьдзеяньне».
«У маёй галаве ня ўкладваецца, калі іншыя бацькі казалі: «Ну і мы матам на дзяцей крычым, што ў гэтым такога?» Яны лічаць, што гэта норма. Я так не лічу. Нельга матам на дзіця, яно азлобіцца. Зь дзіцем трэба размаўляць», — упэўнены бацька.
Суразмоўца падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.