Расея пачала перамовы зь Беларусьсю і Казахстанам аб стварэньні лоўкостэраў

Ілюстрацыйнае фота

Фэдэральная антыманапольная служба Расеі вядзе перамовы з партнэрамі ў Беларусі і Казахстане, каб пераканаць стварыць у гэтых краінах бюджэтныя авіякампаніі — так званыя лоўкостэры. Раней у Беларусі казалі, што сваіх лоўкостэраў не плянуюць.

Як расказаў РИА Новости кіраўнік службы Ігар Арцем’еў, беларусаў і казахаў «прасілі падумаць» над стварэньнем уласных перавозьнікаў такога клясу, каб тыя «былі канкурэнтамі» расейскім лоўкостэрам.

«Мы гэта хочам разьвіваць, але ўсё доўга вырашаецца, яны яшчэ не адчулі, што гэта вельмі прыбытковы, добры бізнэс, і ў сацыяльным сэнсе вельмі важны для людзей, — казаў расейскі чыноўнік. — Але мы іх пераконваем».

Колькі лоўкостэраў прапануюць стварыць расейцы і колькі ёсьць цяпер

Паводле Арцем’ева, расейская антыманапольная служба хацела б бачыць 5–6 лоўкостэраў у Расеі і яшчэ некалькі ў «сяброўскіх краінах» Мытнага саюзу, прынамсі па адным на краіну.

У самой Расеі цяпер фактычна толькі адна бюджэтная авіякампанія — «Победа», даччыная кампанія «Аэрафлоту», утвораная замест ранейшага лоўкостэра «Добролёт», які не перажыў санкцыі заходніх краінаў за анэксію ўкраінскага Крыму. Да таго яшчэ два расейскія лоўкостэры спынілі дзейнасьць праз фінансавыя страты. Расейскі лоўкостэр «Победа» ня лётае ў Беларусь.

У Казахстане з 2019 году пачала працаваць авіякампанія FlyArystan — першая бюджэтная авіякампанія ў краіне, створаная нацыянальнай авіякампаніяй Air Astana. Пакуль яна мае два ўласныя самалёты Airbus A320, пералёты ладзяцца толькі ў межах Казахстану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аэрапорт судзіцца з сайтам petitions.by

У Беларусі прынамсі публічна не абмяркоўвалася стварэньне ўласнага лоўкостэра. Паўтара года таму генэральны дырэктар «Белавія» наўпрост заявіў, што ня мае такіх плянаў — хіба можа «наблізіць тарыфы» да лоўкостаў, але ў авіякампаніі і так невысокая рэнтабэльнасьць. Пра пляны стварыць беларускі лоўкостэр пасьля не заяўляў і ніхто з чыноўнікаў.

У 2020 годзе вугорскі лоўкостэр Wizz Air пачне палёты маршрутам Будапэшт — Менск. Гэта будзе першы раз, калі авіякампанію такога клясу «пусьцяць» у Беларусь. Але ці будзе толькі адзін напрамак, ці адкрыюцца іншыя, пакуль невядома — таму і «Белавія» кажа, што «пакуль няма прадмета для размовы» аб канкурэнцыі з боку лоўкостаў. Чыноўнікі ж хочуць разьвіваць палёты лоўкостэраў ня зь Менску, а з рэгіянальных аэрапортаў, а зацікаўленасьць у гэтым пакуль ніхто з лоўкостэраў публічна не выказваў.

Калі ляцець ня зь Менску, а з суседніх краінаў, цэны на палёты значна ніжэйшыя, бо ў Эўропе шырока распаўсюджаныя бюджэтныя авіякампаніі, і беларусы нярэдка аддаюць перавагу палетам суседніх краінаў. Некаторыя жартам называюць віленскі аэрапорт «Менск-3» – туды можна дабрацца за тры-чатыры гадзіны і менш як за 20 даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» супраць сусьвету: параўноўваем цэны на палёты ў адпачынак