Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» супраць сусьвету: параўноўваем цэны на палёты ў адпачынак


Нацыянальны аэрапорт «Менск», ©Shutterstock
Нацыянальны аэрапорт «Менск», ©Shutterstock

Свабода вырашыла параўнаць цэны на палёты па турыстычных напрамках зь Менску і з суседніх краінаў. Налета ў Беларусь пачне лётаць лоўкостэр Wizz Air, але пакуль звыштанных палётаў зь Менску няма, а лоўкосты лётаюць толькі ў іншых дзяржавах.

Умовы такія. Адзін чалавек ляціць у адзін бок у любы дзень верасьня і стараецца пазьбягаць палётаў зь перасадкамі. Глядзім цэны на палёты ў сем краінаў, самых папулярных сярод беларускіх турыстаў (Белстат, 2018 год), але адкідаем сумежныя краіны. Разглядаем вылет зь Менску і суседніх краінаў, але адкідаем далёкія гарады — хоць танныя палёты бываюць з польскіх Катавіцаў ці расейскага Сочы, беларусу туды ехаць задоўга і задорага. Ня ўлічваем прапановы турапэратараў па чартэрных рэйсах, толькі «агульнадаступныя» квіткі, што прадаюцца праз інтэрнэт. Ніжэй прыводзім самыя танныя варыянты.

Улічваем, што да іншых краінаў яшчэ трэба даехаць. Але віленскі аэрапорт, пераезд да якога недарагі і нядоўгі, беларусы жартам называюць «Менск-3»: аўтобус зь Менску да Вільні будзе каштаваць каля 12 даляраў, цягнік — больш за 17. Зь Менску да Рыгі, Варшавы, Масквы і Кіева аўтобус каштуе каля 20 даляраў. Час у дарозе ня ўлічваем.

Эгіпэт

Піраміды ў Гізе
Піраміды ў Гізе

Верагодна, у самую папулярную сярод беларускіх турыстаў краіну лепей ляцець з дапамогай турапэратараў. Самыя танныя квіткі ў суседніх краінах — з Масквы, але і тыя танныя толькі параўнальна.

«Белавія». Квіткоў зь Менску няма.

Зь Менску. У Каір — толькі зь перасадкай у Маскве, ад 285 даляраў: UTair зь Менску да Масквы і «Аэрофлот» з Масквы да Каіру.

Ад суседзяў. У Каір — з Масквы, ад 185 даляраў («Аэрофлот»).


Турэччына

У Стамбуле
У Стамбуле

Звыштанных рэйсаў з суседніх краінаў яшчэ няма, але нават ня самыя танныя акупяцца з улікам праезду: да таго ж Харкава ці Адэсы можна дабрацца аўтобусам за 38 даляраў, да Масквы — за 21 даляр.

«Белавія». У Стамбул — ад 229,5 даляра.

Зь Менску. У Стамбул — ад 215 даляраў (Turkish Airlines).

Ад суседзяў. У Стамбул — з Харкава ад 74 даляраў (Pegasus), з Адэсы ад 75 даляраў (МАУ — Міжнародныя авіялініі Ўкраіны), з Масквы ад 86 даляраў («Победа»).

Баўгарыя

У горадзе Сазопалі
У горадзе Сазопалі

«Белавія» зусім не прадае квіткі ў Баўгарыю, хоць гэта адзін з найпапулярнейшых напрамкаў у беларускіх турыстаў. Калі і ляцець, то ці зь перасадкай у Маскве, ці зь іншых краінаў. І цэны на апошні варыянт ужо прыемна зьдзівяць.

«Белавія». Квіткоў зь Менску няма.

Зь Менску. У Варну — толькі зь перасадкай у Маскве, ад 97 даляраў: UTair зь Менску да Масквы і «Победа» з Масквы да Варны.

Ад суседзяў. У Варну — з Варшавы за 19 даляраў (LOT) або з Масквы за 24 даляры («Победа»), у Сафію — з Кіева за 24 даляры (Ryanair).

Гішпанія

Царква выкупленьня Сьвятой Сям’і («Саграда Фамілья») у Барсэлёне
Царква выкупленьня Сьвятой Сям’і («Саграда Фамілья») у Барсэлёне

Рэйсы «Белавіі» ў Гішпанію ёсьць, але нават зь Менску можна знайсьці адчувальна таньнейшыя палёты ад іншых авіякампаній, а празь іншыя краіны ляцець значна таньней.

«Белавія». У Барсэлёну — ад 161,5 даляра.

Зь Менску. У Барсэлёну — ад 106 даляраў (Vueling).

Ад суседзяў. У Мадрыд — ад 35 даляраў з Варшавы (Ryanair), у Жырону — ад 40 даляраў з Рыгі (Ryanair), у Барсэлёну — ад 43 даляраў зь Вільні (Wizz).

Грэцыя

Партэнон у Атэнах
Партэнон у Атэнах

«Белавія» не прадае квіткоў да Грэцыі, але прапануе рэйс зь перасадкай. Забаўная сытуацыя з палётамі з Варшавы: «асноўны» аэрапорт імя Шапэна толькі на 4 даляры даражэйшы за «лоўкоставы» Модлін!

«Белавія». Квіткоў зь Менску безь перасадак няма.

Зь Менску. У Атэны — толькі зь перасадкай у Рызе, ад 126 даляраў (AirBaltic), або зь перасадкай у Парыжы, ад 192 даляраў (да Парыжу — «Белавія», адтуль — AirFrance).

Ад суседзяў. У Атэны — ад 30 даляраў з Варшавы (Модлін, Ryanair) або ад 47 даляраў зь Вільні (Ryanair), на Корфу — ад 34 даляраў з Варшавы (Шапэн, Wizz).

Грузія

На гары Казбэк
На гары Казбэк

Рэдкі выпадак, калі цэны «Белавія» выглядаюць адносна канкурэнтнымі — зь Менску таньнейшых палётаў няма, і гэта ўсяго ўдвая даражэй, чым ляцець з-за мяжы.

«Белавія». У Батумі ці Тбілісі — ад 112 даляраў.

Зь Менску. Таньнейшых за «Белавію» няма.

Ад суседзяў. У Кутаісі — ад 44 даляраў з Варшавы (Wizz) або ад 67 даляраў зь Вільні (Wizz).

Чарнагорыя

Горад Котар
Горад Котар

Яшчэ адзін папулярны напрамак, куды «Белавія» не прадае квіткоў, але з суседніх краінаў можна даляцець за невялікія грошы. Ды каб вылятаць зь Менску без паслугаў турыстычных кампаніяў і іхных чартэрных рэйсаў, давядзецца скарыстацца… «Белавіяй».

«Белавія». Квіткоў зь Менску няма.

Зь Менску. У Падгорыцу — толькі зь перасадкай, ад 121 даляра: «Белавія» зь Менску да Варшавы і Wizz з Варшавы да Падгорыцы.

Ад суседзяў. У Падгорыцу — ад 29 даляраў з Варшавы (Wizz), у Тыват — ад 55 даляраў з Масквы («Победа»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG