Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менскі аэрапорт падрыхтаваны да няштатных сытуацый


Самалёт у ангары менскага аэрапорту, ілюстрацыйнае фота

Пасьля трагедыі ў маскоўскім Шарамецьеве, дзе ў пажары на борце самалёта загінуў 41 чалавек, Свабода высьвятляла, як падрыхтаваныя ратавальныя службы Нацыянальнага аэрапорту «Менск» і якія надзвычайныя здарэньні бывалі з самалётамі авіякампаніі «Белавія».

У аэрапорце Менск — уласная служба аварыйна-ратавальнага забесьпячэньня палётаў

Як растлумачыў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, шмат у якіх аэрапортах сьвету служба пажаратушэньня не належыць Міністэрству надзвычайных сытуацый. У Нацыянальным аэрапорце Менск ёсьць свая служба пошукава- і аварыйна-ратавальнага забесьпячэньня палётаў — яна цалкам самастойная, але ў асобных выпадках можа зьвярнуцца па дапамогу да калегаў з МНС.

«Дыспэтчары і аэрапорт любой краіны вырашаюць, ці паведамляць у сваё МНС пра аварыйную пасадку. Не паведамляюць — бяруць на сябе вялікую адказнасьць. Калі такое паведамленьне да нас паступае, бліжэйшае падразьдзяленьне — у пасёлку Сокал, але вышлем аўтаматычна і падразьдзяленьні з Уручча, і зь некалькіх раёнаў Менскай вобласьці... У іх [службы пажаратушэньня аэрапорту] рэальна ўнікальная тэхніка, якая павінна дапамагчы хутка зьбіць полымя. Але, вядома, чым больш спэцыялістаў на месцы, тым лепш», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Віталь Навіцкі адразу ж пасьля здарэньня ў Шарамецьеве.

Дапамога МНС пасьля прызямленьня самалётаў ні разу не спатрэбілася

Cлужба пошукава- і аварыйна-ратавальнага забесьпячэньня палётаў Нацыянальнага аэрапорту Менск абсалютна самастойная, спэцыялістаў яна набірае сама, дзе лічыць патрэбным. Не абавязкова гэта выпускнікі Ўнівэрсытэту грамадзянскай абароны МНС, але працуюць там і былыя супрацоўнікі МНС, кажа Віталь Навіцкі.

«Былі выпадкі, калі нас выклікалі, але нічога надзвычайнага, на шчасьце, не здаралася. Часьцей за ўсё выклікі былі зьвязаныя са спрацоўваньнем тых ці іншых датчыкаў, а па прызямленьні высьвятлялася, што гэта было хібнае спрацоўваньне датчыкаў. Такіх сытуацый, каб самалёт прызямліўся і неабходная была дапамога ў тушэньні, эвакуацыі людзей, не было. Некалькі сытуацый з аварыйнымі пасадкамі здаралася, калі нас выклікалі, але наша дапамога пасьля прызямленьня ні разу не спатрэбілася», — апавёў Віталь Навіцкі.

Ратавальная частка ў Менскім нацыянальным аэрапорце, архіўнае фота
Ратавальная частка ў Менскім нацыянальным аэрапорце, архіўнае фота

Пра тое, як дзейнічае служба пошукава- і аварыйна-ратавальнага забесьпячэньня палётаў, якое ў яе аснашчэньне, атрымаць апэратыўны камэнтар у Нацыянальным аэрапорце «Менск» Свабодзе не ўдалося. Параілі зьвярнуцца пісьмова.

Альгарытм дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях у Менску і аэрапортах Эўразьвязу аднолькавы

Былы дыспэтчар Нацыянальнага аэрапорту «Менск» на ўмовах ананімнасьці паведаміў Свабодзе, што ўсе супрацоўнікі, якія працуюць з пасажырамі, навучаныя дзейнічаць у няштатнай сытуацыі.

«Некалькі разоў на год у Менску праводзяцца адмысловыя адукацыйныя мерапрыемствы і сустрэчы, дзе прапрацоўваюцца асобныя няштатныя сытуацыі. Таксама праходзяць і практычныя трэніровачныя заняткі на сьпісаных самалётах. Акрамя таго, праводзіліся і мерапрыемствы па аказаньні мэдычнай дапамогі і працы з пасажырамі самалётаў і тымі, хто іх сустракае. Дэталёва прапрацоўваецца плян дзеяньняў кожнага супрацоўніка», — распавёў былы авіядыспэтчар.

Паводле суразмоўцы Свабоды, вяртаньне самалётаў і аварыйныя пасадкі ў менскім аэрапорце здараліся. З розных прычынаў — і з мэдычных, калі пасажыру рабілася дрэнна ў самалёце, і з тэхнічных. Супрацоўнікам, якія задзейнічаныя ў забесьпячэньні палётаў, паведамляюць пра сапраўдныя прычыны вяртаньня. Ёсьць і адмысловыя каманды на выпадак надзвычайнага здарэньня. Яны агучваюцца для супрацоўнікаў усяго аэрапорту, і тады згодна з інструкцыяй ажыцьцяўляюцца тыя ці іншыя дзеяньні.

На пытаньне, ці адрозьніваюцца альгарытмы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» і ў краінах Эўразьвязу, авіядыспэтчар адказаў, што прынцыповых адрозьненьняў няма.

«Як кажуць, усе дзеяньні па забесьпячэньні бясьпекі ў авіяцыйным асяродзьдзі напісаныя крывёю. Беларусь уваходзіць у міжнародныя арганізацыі па авіяцыі. Таму правілы амаль не адрозьніваюцца. Можа адрозьнівацца пэўная частка дзеяньняў, але гэта ўжо больш залежыць ад спэцыфікі аэрапорту (памеры, колькасьць палосаў ды іншыя)», — патлумачыў былы менскі авіядыспэтчар, якія працуе цяпер у адным з аэрапортаў Эўразьвязу.

Што тычыцца інцыдэнту ў аэрапорце Шарамецьева, ні прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі, ні авіядыспэтчар, зь якім размаўляла Свабода, ня сталі камэнтаваць трагедыю і яе прычыны.

Няштатныя сытуацыі з самалётамі «Белавія»

Самым сур’ёзным інцыдэнтам з самалётамі «Белавія» было здарэньне 14 лютага 2008 году з CRJ-100LR, рэйс В2-1834 Ерэван — Менск. Набіраючы вышыню, самалёт левым крылом зачапіў узьлётна-пасадачную паласу і ўпаў на зямлю. Машына развалілася на часткі і загарэлася. Пажар патушылі, 18 пасажыраў і трох чальцоў экіпажу эвакуавалі. Абышлося без ахвяраў.

Самалёт Белавіі пасьля аварыі ў армянскім аэрапорце 14 лютага 2008 году
Самалёт Белавіі пасьля аварыі ў армянскім аэрапорце 14 лютага 2008 году

12 жніўня 2011 году Boeing 737 «Белавія», які ляцеў па маршруце Батумі — Менск, зьдзейсьніў вымушаную пасадку ў Сочы. Тады прычынай стала разгермэтызацыя салёну самалёта. У Сочы паслалі рэзэрвовы самалёт, які забраў пасажыраў.

4 красавіка 2012 году самалёт Boeing 737 кампаніі «Белавія», які вылецеў па маршруце Менск — Ашхабад у 0:11, быў вымушаны вярнуцца і праз 25 хвілін аварыйна сеў. Прычынай стала няспраўнасьць правай стойкі шасі. Авіякампанія замяніла самалёт.

22 сьнежня 2017 году ў Міжнародным аэрапорце Барыспаль сышоў з паласы самалёт «Белавія». Падчас руху па рулёжнай дарожцы адна стойка шасі выкацілася на грунт. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў, было пашкоджана некалькі ліхтароў.

8 кастрычніка 2018 году самалёт, які ляцеў па маршруце Масква — Менск з аэрапорту Жукоўскі, толькі набраў вышыню, як спрацавала сыгналізацыя: у сыстэме кандыцыянаваньня няспраўнасьці. Камандзір прыняў рашэньне зьнізіць вышыню. Увесь шлях да Менску самалёт ляцеў на вышыні 3,6 кілямэтра (звычайны эшалён — 9 км). У Менску адбылася пасьпяховая пасадка.

Вымушаныя пасадкі ў Менскім аэрапорце цягам апошняга году рабілі самалёты «Аўстрыйскіх авіяліній», казахстанскай авіякампаніі Air Astana, кітайскай Air China.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG