Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротнае ДТЗ у Карпатах: кіроўца зьняпраўджвае, што нецьвярозым кіраваў аўтамабілем


Здарэньне ў Карпатах 6 траўня, у выніку якога загінулі беларускія турысты
Здарэньне ў Карпатах 6 траўня, у выніку якога загінулі беларускія турысты

Івана-Франкоўскі гарадзкі суд арыштаваў на два месяцы Ўладзіміра Такарчука — кіроўцу аўтамабіля ГАЗ-66, у выніку падзеньня якога 6 траўня ў Карпатах загінулі трое беларускіх турыстаў.

Як паведамляе мясцовае выданьне «Курс», Уладзімір Такарчук — жыхар вёскі Люча Косаўскага раёна Івана-Франкоўскай вобласьці, часова не працуе, халасты, жыве з маці і мае пагашаную судзімасьць.

У часе разгляду ў судзе хадайніцтва пракуратуры аб арышце Ўладзімір Такарчук зьняпраўдзіў, што кіраваў аўтамабілем у стане алькагольнага ап'яненьня. Ён пераконваў, што адразу пасьля здарэньня выпіў «карвалол і карвалдзін», а ўжо калі дапамог турыстам выбрацца з ракі, яны «пачаставалі настойкай». Маўляў, «выпіў яе грамаў 200, каб сагрэцца».

Кіроўца таксама дадаў, што лекары, якія прыехалі на месца здарэньня, зрабілі яму невядомую ін’екцыю – «нейкую наркату». Ён пераконваў суд, што не зьбіраецца хавацца і ўцякаць ад сьледзтва: «Няма патрэбы».

Адвакат кіроўцы таксама прасіў суд на час расьсьледаваньня прымяніць да свайго падабароннага кругласутачны хатні арышт, паколькі злачынства ўчыненае «ненаўмысна, а падазраваны мае сталае месца жыхарства і яму трэба дапамагаць маці-пенсіянэрцы даглядаць за гаспадаркай».

Аднак суд падтрымаў хадайніцтва пракуратуры і ўхваліў рашэньне аб трыманьні Ўладзіміра Такарчука пад вартай на працягу 60 дзён. Пры неабходнасьці сьледзтва, такая мера трыманьня можа быць падоўжаная.

6 траўня ў Верхавінскім раёне Івана-Франкоўскай вобласьці аўтамабіль з 23 беларускімі турыстамі абрынуўся ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў, тры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі траўмы. Паводле сьледзтва, кіроўца ня справіўся з кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з абрыву ў раку.

Згодна з украінскім заканадаўствам, кіроўцу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з пазбаўленьнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.

Сястра загінулага ў Карпатах кіраўніка групы беларускіх турыстаў Яўгена Іванова таксама расказвала са спасылкай на відавочцаў, што ў кіроўцы «быў моцны шок пасьля здарэньня, і таму яму далі алькаголь».

«Я не магу меркаваць, наколькі гэта праўда. Але кажуць, што ён выпіў ужо пасьля. Я ня ведаю, хто ў чым вінаваты. Нам цяпер не да гэтага. Але людзі, якія там былі разам зь ім, прасілі перадаць, што Жэня ні ў чым не вінаваты», — сказала Анжэла, сястра Яўгена Іванова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG