Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі прадпрымальніка, які ажыцьцяўляў «сьмяротны» рафтынг-тур для беларусаў


На месцы здарэньня.

У Івана-Франкоўскую абласную лякарню перавезьлі пяцёх беларускіх турыстаў, якія атрымалі траўмы ў выніку падзеньня з абрыву аўтамабіля ў Верхавінскім раёне. У двух беларусаў — пераломы храбта.

Сёньня праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі і прадпрымальніка, які арганізоўваў рафтынг-туры. Як паведаміў сьпікер Генэральнай пракуратуры Ўкраіны Андрэй Лысенка, у найбліжэйшым часе яму выставяць падазрэньне ва ўчыненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 287 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выпуск у эксплюатацыю тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў. Вядома, што аўтамабіль ГАЗ-66, на якім беларускія турысты ехалі на месца сплаву па рацэ, быў пераабсталяваны з грузавога для ажыцьцяўленьня пасажырскіх перавозак.

6 траўня ў Верхавінскім раёне Івана-Франкоўскай вобласьці аўтамабіль з 23 беларускімі турыстамі абрынуўся ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў, тры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі траўмы. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца ня справіўся з кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з абрыву ў раку.

Паводле мэдычнай экспэртызы, кіроўца быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Ён затрыманы ў межах крымінальнай справы аб парушэньні правілаў бясьпекі дарожнага руху і эксплюатацыі транспарту, што прывяло да гібелі некалькіх асобаў. Згодна з украінскім заканадаўствам, кіроўцу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з пазбаўленьнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.

Разам з тым сястра загінулага ў Карпатах кіраўніка групы беларускіх турыстаў Яўгена Іванова расказала са спасылкай на відавочцаў, што ў кіроўцы «быў моцны шок пасьля здарэньня, і таму яму далі алькаголь».

«Я не магу меркаваць, наколькі гэта праўда. Але кажуць, што ён выпіў ужо пасьля. Я ня ведаю, хто ў чым вінаваты. Нам цяпер не да гэтага. Але людзі, якія там былі разам зь ім, прасілі перадаць, што Жэня ні ў чым не вінаваты», — сказала Анжэла, сястра Яўгена Іванова..

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG