Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аэрапорт судзіцца з сайтам petitions.by


Адказьнік Уладзімер Кавалкін і адвакат Сяргей Зікрацкі

Нацыянальны аэрапорт Менск патрабуе выдаліць з сайта пэтыцыю «Аб зьняцьці абмежаваньняў на колькасьць бясплатных заездаў для легальных перавозчыкаў», апублікаваць абвяржэньне і спыніць выдачы спасылак на інтэрнэт-рэсурсы апэратарамі пошукавых сыстэм. Апошняе патрабаваньне адвакат пазоўніка назваў «нонсэнсам і лухтой». Судзьдзя Эканамічнага суду Ігар Мурашкін 26 жніўня выслухаў прадстаўнікоў абодвух бакоў.

У чым сутнасьць справы

Фармальна адказчык па справе — Кансультацыйны цэнтар імплемэнтацыі інфармацыйных тэхналёгій у грамадзянскай супольнасьці «Сівік тэк» (petitions.by).

Шостага ліпеня на сайце petitions.by быў запушчаны калектыўны зварот перавозчыкаў службаў таксі і сэрвісаў перавозкі пасажыраў з просьбай зьняць абмежаваньні на бясплатны ўезд на тэрыторыю аэрапорта.

Кіроўцаў таксовак не задавальняла, што пасьля двух цягам дня бясплатных заездаў на тэрыторыю аэрапорта яны мусяць плаціць 10 рублёў за кожны новы заезд.

Пазоўнік — Нацыянальны аэрапорт «Менск» — патрабуе абавязаць petitions.by:

  • Выдаліць з сайта пэтыцыю, бо ў ёй нібыта прыведзеныя недакладныя зьвесткі;
  • Абвергнуць нібыта недакладныя зьвесткі і надрукаваць абвяржэньне на сайце petitions.by;
  • Спыніць выдачы спасылак на інтэрнэт-рэсурсы апэратарамі пошукавых сыстэм.

Юрыст аэрапорту: «Аўкцыён не адбыўся з прычыны пэтыцыі і публікацый у СМІ, што аэрапорт падаў у суд»

У судзе юрыст Нацыянальнага аэрапорту «Менск» А.Тарасаў хвілін дваццаць спасылаўся на агульныя нормы Грамадзянскага кодэксу: прынцыпы добрасумленнасьці і разумнасьці, прыярытэту грамадзкіх інтарэсаў.

Юрыст аэрапорту А. Тарасаў
Юрыст аэрапорту А. Тарасаў

На яго думку, разьмяшчэньне і распаўсюджваньне інфармацыі на сайце petitions.by нанесла шкоду Нацыянальнаму аэрапорту. Ён прывёў прыклад: на 24 ліпеня быў прызначаны адкрыты аукцыён па продажы права заключэньня дамовы арэнды пляцоўкі для разьмяшчэньня тэрміналу таксі.

«Аднак на аўкцыён не было пададзена ніводнай заяўкі, нягледзячы на рэклямныя акцыі і высілкі Менскага гарадзкога цэнтру нерухомасьці. Нам прыйшло шмат лістоў, у якіх арганізацыі паведамлялі пра сваю адмову ўдзельнічаць у тэндэры, бо „чорныя перавозчыкі“, якія дзейнічаюць на тэрыторыі аэрапорту, значна зьніжаюць трафік пасажыраў, чаму праект для нас зьяўляецца нерэнтабэльным», — зачытвае ліст юрыст Тарасаў.

Судзьдзя папрасіў канкрэтызаваць: «Якія зьвесткі, апублікаваныя на сайце, нанесьлі шкоду і псуюць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства?»

«Разьмешчана інфармацыя, якая нэгатыўна характарызуе аэрапорт. Мы абараняем ня столькі свае інтарэсы, колькі права грамадзян на атрыманьне інфармацыі».

«Грамадзяне вас пра гэта прасілі? Якія канкрэтна вашы правы парушаныя?» — пытаецца судзьдзя.

«Не, не прасілі. Але мы абараняем і свае інтарэсы. У СМІ пішуць, што Нацыянальны аэрапорт падаў у суд. І пішуць, што пазыцыя пазоўніка слабая. Аўкцыён не адбыўся ў тым ліку і з прычыны публікацый у мэдыях і з прычыны пэтыцыі», — адказвае юрыст.

Ня змог патлумачыць юрыст, і тое, якім чынам сайт petitions.by можа спыніць выдачы спасылак на інтэрнэт-рэсурсы апэратарамі пошукавых сыстэм.

«Вашы тэрміны яшчэ больш размазаныя, чым на арганізацыйным паседжаньні. Вы не падрыхтаваліся да паседжаньня», — робіць выснову судзьдзя.

Адвакат petitions.by: «Спосаб абароны пазоўнікам абраны няслушны»

Адвакат адказьніка — Кансультацыйнага цэнтру імплемэнтацыі інфармацыйных тэхналёгій у грамадзянскай супольнасьці «Сівік тэк» (petitions.by) Сяргей Зікрацкі зьвяртае ўвагу на тое, што ў грамадзян ёсьць 4 правы, замацаваныя ў Канстытуцыі:

  • права на зварот (арт. 40),
  • права на свабоднае выказваньне сваіх меркаваньняў (арт. 33),
  • права на атрыманьне праўдзівай і поўнай інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў (арт. 34),
  • права на ўдзел у кіраваньні дзяржавай (арт. 37).

І падаючы пэтыцыю, грамадзяне рэалізуюць адначасова чатыры гэтыя правы.

З другога боку, у дадзенай сытуацыі ёсьць патэнцыйна парушанае права субʼекта, які зьвяртаецца па сваю абарону, лічыць адвакат.

«Мы маем зварот грамадзян, на які ў вызначаным парадку быў атрыманы адказ. Petitions.by зьвярнуўся спачатку ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а МАГТ перанакіравала яго ў Міністэрства транспарту і камунікацый. Адказы апублікаваныя на тым жа сайце. Мы выканалі ўсе працэдуры. Сайт нічога не парушыў.

Што перашкаджае аэрапорту зьвярнуцца зь лістом у petitions.by? Заканадаўства прадугледжвае яшчэ адно цалкам правільнае патрабаваньне: права на адказ. Аэрапорт ня лічыць магчымым патлумачыць сваю пазыцыю, зьвярнуцца наўпрост на сайт petitions.by, а адразу бяжыць у суд. Спосаб абароны пазоўнікам абраны няслушны», — кажа юрыст Сяргей Зікрацкі.

Адвакат зьвяртае ўвагу яшчэ на адну акалічнасьць. На яго думку, незразумела, чаму пазоўнік ня поўнасьцю ў сваім пазове працытаваў артыкул 42 СМІ: «Юрыдычныя асобы... маюць права патрабаваць... абвяржэньня распаўсюджаных зьвестак... калі гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці і ганьбяць іх дзелавую рэпутацыю».

«Пра дзелавую рэпутацыю пазоўнік чамусьці ня хоча гаварыць. Паклёпу, заведама хлусьлівай інфармацыі ў тэксьце пэтыцыі няма. Кіроўцы апублікавалі сваю праблему: калі яны заяжджаюць на тэрыторыю аэрапорту больш як 2 разы на суткі, павінны плаціць 10 рублёў за заезд. Усе зьвесткі адпавядаюць рэчаіснасьці і ня ганьбяць пазоўніка», — перакананы адвакат.

А што да пункту «абавязаць адказьніка спыніць выдачу спасылак на інтэрнэт-рэсурсы апэратарамі пошукавых сыстэм», Зікрацкі кажа, што гэта «нонсэнс і поўная лухта — як можна спыніць працу пошукавікаў?»

Судзьдзя быў гатовы працягнуць паседжаньне, але юрыст аэрапорту папрасіў перанесьці яго на іншы дзень, «каб падрыхтавацца і пачытаць што-небудзь».

Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 30 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG