Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аэрапорт «Менск» падаў у суд на Petitions.by за зварот на сайце


На Facebook-старонцы сайту Petitions.by адміністратары апублікавалі паведамленьне Менскага эканамічнага суду аб прыняцьці позвы і пачатку справы супраць іх паводле заявы дзяржаўнага прадпрыемства «Нацыянальны аэрапорт Менск».

Аэрапорт патрабуе выдаліць з сайту пэтыцыю «Аб здыманьні абмежаваньня на колькасьць бясплатных заездаў у аэрапорт для легальных перавозьнікаў», бо гэтая пэтыцыя, як сьцьвярджае пазоўнік, «утрымлівае зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці».

Таксама аэрапорт хоча, каб сам сайт Petitions.by (а ня аўтар пэтыцыі) абвергнуў зьвесткі са звароту і перастаў выдаваць спасылкі на «інтэрнэт-рэсурсы, якія ўтрымліваюць зьвесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасьці». Да аўтара звароту ў позьве патрабаваньняў няма.

Як адзначаюць адміністратары Petitions.by, гэта можа быць першая ў гісторыі Беларусі позва супраць афіцыйнага звароту ў дзяржаўны орган. Адміністратары мяркуюць, што засудзіць іх не атрымаецца, бо законы адрозьніваюць «распаўсюд зьвестак, што ганяць годнасьць ці бізнэс-рэпуацыю» і «паведамленьне кампэтэнтнаму дзяржаўнаму органу».

Зварот ад карыстальніка пад нікнэймам Fireman сабраў 360 подпісаў і быў адрасаваны Міністэрству транспарту. У звароце службы таксі прасілі забараніць аэрапорту браць дадатковую плату за трэці і наступны заезды машыны на тэрыторыю аэрапорту (у тым ліку зону прылёту на выхадзе з аэрапорту), а таксама забясьпечыць роўныя ўмовы працы са службай трансфэру аэрапорту 7373.

Міністэрства адказала на зварот, што пляцоўкі для стаянкі вызначаюцца «мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі», а абавязаць аэрапорт да таго, чаго прасілі службы таксі, адмовілася.

Падрыхтоўчае судовае паседжаньне прызначанае на 22 жніўня, бакам прапанавана правесьці перамовы наконт замірэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG