Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адказалі на пэтыцыю, дзе чыноўнікаў папрасілі размаўляць па-беларуску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў адказаў на пэтыцыю з прапановай абавязаць чыноўнікаў адказваць на беларускамоўныя звароты па-беларуску ня толькі пісьмова, а і ў вуснай размове.

У адказе на пэтыцыю гаворыцца, што прапанова заслугоўвае ўвагі. Аднак яе разгледзяць пры фармаваньні пляна падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год з улікам пазыцыі зацікаўленых. Сёлета вывучэньня практыкі прымяненьня заканадаўства аб зваротах грамадзян не плянуецца.

Аўтар звароту адзначаў, што ўлады Беларусі абавязалі сябе забясьпечваць усебаковае функцыянаваньне абедзьвюх дзяржаўных моваў — беларускай і расейскай — ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Гэта замацавана праз арт. 2 закону «Аб мовах».

Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» гарантаваў, што чыноўнікі мусяць адказваць на пісьмовы зварот на той дзяржаўнай мове, на якой напісаны зварот. Але закон нічога ня кажа пра вусныя звароты.

А закон «Аб дзяржаўнай службе» ў арт. 24 адзначае, што для паступленьня на дзяржаўную службу чалавек мусіць валодаць дзяржаўнымі мовамі — абедзьвюма, а не адной зь іх.

У звароце сьцьвярджаецца, што закон «Аб зваротах» у цяперашняй форме «мае палавінчаты характар» і «не абараняе правы беларускамоўных грамадзян краіны», хоць і «дазволіў дзяржаўным служачым прызвычаіцца да зваротаў грамадзян на беларускай мове».

Тым часам за пісьмовы адказ не на мове звароту чыноўніка могуць аштрафаваць паводле артыкула 9.22 КаАП «Парушэньне заканадаўства аб мовах» на суму ад 4 да 10 базавых велічыняў (102–255 рублёў). Але ўлады сёлета заблякавалі законапраект аб падтрымцы беларускай мовы — яго нават не ўключылі ў плян падрыхтоўкі для абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG