Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя праверыла, ці не распальвае варожасьць абаронца беларускай мовы


Ігар Случак, архіўнае фота

Юрыст Ігар Случак, вядомы ў байнэце пад мянушкай «моўны інспэктар», кажа, што рэчыцкая міліцыя праводзіла праверку ягонай публікацыі на прадмет распальваньня «расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Заяву на Случака напісаў колішні сябар «Гавары праўду» Дзяніс Сьцепаненка.

Спойлер: прыкметаў злачынства ці правапарушэньня міліцыя ня выявіла.

Пра што гаворка?

Сёлета Ігар Случак меў камэа-ролю ў кліпе Аліны Нагорнай, якая запісала кавэр «Бацька Ў» на песьню гурту «Кіно». У кліпе Случак прыцягнуў «беларусафобушак» да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне моўнага заканадаўства.

На пачатку 2018 году Сьцепаненка таксама прасіў праверыць адзін з артыкулаў «моўнага інспэктара». Пра якую менавіта публікацыю ідзе гаворка, Случак ня ведае, Сьцепаненка яе таксама не назваў.

Пазоўнік лічыць, што міліцыя «не працуе»

Дзяніс Сьцепаненка сказаў Свабодзе, што з рашэньнем рэчыцкай міліцыяй ня згодны, бо яна «не працуе», і ён будзе абскарджваць вынікі праверкі. Таксама ён напіша заявы ў Рэчыцкі РАУС — на Случака за распаўсюд асабістых дадзеных; Міністэрства інфармацыі — каб правялі экспэртызу кліпа «Бацька Ў» на «экстрэмізм».

«Спроба пасварыць беларускамоўных і расейскамоўных — гэта экстрэмізм», — сказаў Сьцепаненка.

Сьцепаненка адзначыў, што варожасьць у кліпе распальваў не Случак, але не патлумачыў, чаму хоча прыцягнуць «моўнага інспэктара» да адказнасьці. Вось што ў кліпе Сьцепаненку не спадабалася:

  1. Словы «Мова ў нас расейская, тата — Уладзімір Пуцін», бо апошні — «прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі».
  2. Словы «Яны пісалі „ЎКантакце“, што беларуская мова гаўно», бо гэта абраза (каго ці чаго — не ўдакладніў).
  3. У відэа Случак прыцягвае да адказнасьці расейскамоўных за парушэньне моўнага заканадаўства.
  4. Словы «Мова ў нас беларуская, тата — Булак-Балаховіч», бо ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, а ў кліпе праслаўляецца «нацыяналіст».
Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940) — беларускі вайсковы дзяяч і палітык. У свой час камандаваў асобным аддзелам войскаў БНР у Балтыі. Захапіўшы з сваімі аддзеламі Мазыр, Булак-Балаховіч абвясьціў там уладу БНР (альтэрнатыўнай урадам Луцкевіча і Ластоўскага).

Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці паводле арт. 130 КК Беларусі можа карацца:

  • штрафам;
  • арыштам;
  • абмежаваньнем волі — да 5 гадоў;
  • турмой — да 12 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG