Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Белавія»: Расейскі лоўкостэр ня лётае ў Беларусь, бо чакае «асаблівых умоваў»


Самалёт кампаніі «Победа», ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў заявіў, што расейская лоўкост-авіякампанія «Победа» адмовілася ад рэйсаў у Менск праз тарыфы на абслугоўваньне ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», піша БелаПАН.

Паводле Анатоля Гусарава, у расейскім лоўкосьце «лічаць, што расейскія авіякампаніі не павінны абслугоўвацца ў Менску па тарыфах нерэзыдэнтаў». Ён мяркуе, што «Победа» магла прэтэндаваць на «нейкае асаблівае стаўленьне» ў вызначэньні тарыфаў, але «не знайшла ўзаемаразуменьня».

«Белавія» пры гэтым абслугоўваецца ў Маскве па тарыфах расейскіх кампаній, але Гусараў адзначае, што тарыфы аэрапортаў могуць розьніцца ў залежнасьці ад частаты рэйсаў авіякампаній.

На мінулым тыдні дырэктар менскага аэрапорту Дзьмітры Мелікян казаў, што кампаніі «Победа» прапаноўвалі «такія ж тарыфы, як і іншым расейскім авіякампаніям», не завышалі тарыфаў. Сама ж «Победа» сьцьвярджае, што чакае «роўных умоваў» для беларускіх і расейскіх кампаній — і пакуль іх не атрымае, не адновіць палёты. Цэнавыя спрэчкі цягнуцца прынамсі з канца 2015 году.

У суседніх зь Беларусьсю краінах (у тым ліку ў віленскім аэрапорце) працуе шэраг лоўкостэраў — авіякампаній, якія прапануюць палёты па мінімальных цэнах, але бяз большасьці дадатковых паслугаў для пасажыраў, зь вельмі абмежаванымі аб’ёмамі багажу, нярэдка ў нязручны час або ў далёкія ад папулярных гарадоў аэрапорты. У Беларусь лоўкосты практычна ня лётаюць, няма і беларускай лоўкост-кампаніі — прычыны гэтага называюць самыя розныя.

Маршрут Менск — Масква — найбольш запатрабаваны ў зносінах паміж Беларусьсю і Расеяй. Квіток у адзін бок на рэйсы «Аэрафлёту» каштуе ў сярэднім 60 эўра, «Белавіі» — ад 50 эўра. Першапачаткова «Победа» гатовая была вазіць у Маскву і назад фактычна за траціну ад згаданых сумаў — да 20 эўра.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG