Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Победу» ў Беларусь пусьцілі, але без прыбытковага рэйсу Менск — Масква


Самалёт бюджэтнай авіякампаніі "Победа"

Як сказаў у камэнтары для агенцтва БелТА дырэктар дэпартамэнту авіяцыі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Уладзімер Косьцін, авіякампанія выканала неабходныя ўмовы і прайшла акрэдытацыю ў адпаведнасьці зь беларускімі авіяцыйнымі правіламі.

Такім чынам, больш як двухгадовая гісторыя прынесла плён расейскаму боку. Аднак дамовіцца ўдалося ня ў поўным аб’ёме — маршруту Масква — Менск у раскладзе няма. А гэта якраз той напрамак, зь якім «Победа» першапачаткова ішла ў Беларусь.

Як паведамляла Радыё Свабода, яшчэ ў канцы 2015-га расейцы прапанавалі на разгляд беларускаму боку свае тарыфы, аднак у Менску ад іхніх паслугаў адмовіліся, палічыўшы, што гэта можа дэстабілізаваць сытуацыю. Аказалася, што лоўкостэр прапануе кошты істотна ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў. Каб атрымаць доступ да маршруту, патрабавалася ўхвала ад мясцовага перавозчыка — «Белавіі».

Прадстаўнік дэпартамэнту ўдакладніў, што ў выніку працяглых перамоваў расейскі перавозчык атрымаў акрэдытацыю на пералёты па двух маршрутах: Санкт-Пецярбург — Менск і Масква — Гомель. У лістападзе 2017 году дазвол на рэгулярныя рэйсы «Победе» дала «Росавиация».

Паводле Ўладзімера Косьціна, неўзабаве пачнуцца больш прадметныя перамовы з адміністрацыяй Нацыянальнага аэрапорту і кампаніяй «Белавія».

«Будзе ўзгадняцца расклад, трэба падпісаць дамовы з сэрвіснымі арганізацыямі. Але як часта расейская авіякампанія будзе лётаць у Менск і Гомель, пакуль невядома», — сказаў ён.

Найбольш запатрабаваныя пералёты ў зносінах паміж Беларусьсю і Расеяй — па маршруце Менск — Масква. Квіток у адзін бок на рэйсы «Аэрафлёту» каштуе ў сярэднім 60 эўра, «Белавіі» — ад 50 эўра. «Победа» адпачатку гатовая была вазіць у Маскву і назад фактычна за траціну ад згаданых сумаў — да 20 эўра.

XS
SM
MD
LG