«Ніколі ня чуў, каб нават адна станцыя раптам пераставала працаваць». Экспэрт — пра адключэньне 4 пунктаў маніторынгу радыяцыі ў Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля выбуху 8 жніўня ў вайсковай частцы ў пасёлку Нёнакс Архангельскай вобласьці Расеі чатыры расейскія станцыі маніторынгу радыяцыйнага фону нечакана перасталі перадаваць дадзеныя і дзяліцца імі з замежнымі калегамі.

Пасьля таго, як інфармацыя пра гэта трапіла ў мэдыі, Расея зноў ўключыла дзьве з чатырох станцый: пра гэта 20 жніўня паведаміў у Twitter выканаўчы сакратар камісіі Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў Ласіна Зэрба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбуху пад Северадзьвінскам не працуюць ужо 4 расейскія станцыі маніторынгу

Расейскія ўлады працягваюць адмаўляць, што станцыі былі адключаныя наўмысна. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў 20 жніўня заявіў, што ў Крамлі не нясуць адказнасьці за станцыі.

Былы супрацоўнік Агенцтва абаронных дасьледаваньняў Швэцыі Ларс-Эрык Дэ Гер (цяпер ён на пэнсіі), які ў 1997-2006 гадах працаваў у міжнародным цэнтры дадзеных Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, распавёў тэлеканалу «Настоящее время», што, паводле ягонага досьведу, станцыі пры падобных абставінах, як правіла, не адключаюцца адначасова.

«Я ніколі не чуў пра тое, каб дзьве (ці нават адна) станцыі, разьмешчаныя па кірунку ветру ад чагосьці падазронага, раптам пераставалі працаваць», — заявіў Ларс-Эрык Дэ Гер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекараў не папярэдзілі пра радыяцыю пры лячэньні пацярпелых ад выбуху на поўначы Расеі

Пры гэтым, паводле яго, станцыі ў розных краінах часам усё ж адключаюцца. Але выключыць іх можна, да прыкладу, па рашэньні мясцовых уладаў, і гэта, як падкрэсьлівае Дэ Гер, парушае правілы і кантракты, якія дзейнічаюць у рамках Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў.

«Прычына, па якой яны былі адключаныя, — гэта, без сумневу, для таго, каб інфармацыя аб тым, што на самой справе адбылося ў Нёнаксе, не распаўсюджвалася», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая газета»: пад Северадзьвінскам магла ўзарвацца ракета «Скіф»

Выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці адбыўся 8 жніўня. Загінулі як найменей пяць супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Расейскае міністэрства абароны не раскрыла падрабязнасьцяў выпрабаваньняў. «Росатом» настойвае, што гэты выбух адбыўся падчас працаў з рэактыўнай устаноўкай. «Росгидромет» паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзвьінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пахваліўся ракетай зь ядзерным рухавіком. Яна ўпала ў мора, будуць падымаць, — CNBC

Напярэдадні на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Уладзімір Пуцін заявіў, што пагрозы з прычыны аварыі на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам няма. Павышэньня радыяцыйнага фону там таксама няма, сказаў прэзыдэнт Расеі.

Выданьне The New York Times са спасылкай на дадзеныя Пэнтагону пісала, што аварыя адбылася падчас выпрабаваньняў прататыпа ракеты «Буревестник» c ядзернай устаноўкай, якую Пуцін прэзэнтаваў летась падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Словы Пуціна пра «найноўшыя ракеты» ілюстраваныя кадрамі 2007 году