Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекараў не папярэдзілі пра радыяцыю пры лячэньні пацярпелых ад выбуху на поўначы Расеі


Северадзьвінск
Северадзьвінск

Лекараў Архангельскай абласной бальніцы не папярэдзілі пра тое, што тры дастаўленыя ва ўстанову пацярпелыя пры выбуху ракеты пад Северадзьвінскам былі апрамененыя радыяцыяй.

У аднаго зь лекараў, якія працавалі з пацыентамі, у мышачнай тканіны знойдзены радыеактыўны цэзій-137.

Каля 60 супрацоўнікаў шпіталя будуць накіраваныя ў Маскву на абсьледаваньне. Такія сьцьвярджэньні ўтрымліваюцца ў рэпартажы газэты The Moscow Times.

Трое пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцу 8 жніўня аголенымі і загорнутымі ў празрыстыя плястыкавыя мяшкі, адзначае газэта. Яны былі ў цяжкім стане, але мэдыкі ня ведалі пра акалічнасьці атрыманьня пацярпелымі траўмаў — ім было вядома толькі, што на вайсковым аб’екце 8 жніўня адбыўся выбух. Іх спрабавалі эвакуіраваць у Маскву, але двое памерлі па дарозе ў аэрапорт, сьцьвярджаюць крыніцы выданьня.

Лекары падазравалі, што дастаўленыя пацыенты маглі быць падвергнутыя апраменьваньню, але іх асьцярогі ніхто не пацьвердзіў. Паводле дадзеных агенцтва «Паўночныя навіны», пазьней лекары, што кантактавалі з пацыентамі, атрымалі сьвінцовыя фартухі, але гэта нельга лічыць надзейнай абаронай.

«Пэрсанал быў шакаваны», — сказаў адзін зь лекараў карэспандэнту Moscow Times. Ён адзначыў, што бальніца, куды прывезьлі пацярпелых, зьяўляецца цывільнай, а не вайсковым шпіталем. Суразмоўніца «Паўночных навінаў» сьцьвярджае, што праз радыеактыўны пыл на некалькі дзён было зачынена прыёмнае аддзяленьне бальніцы і апэрацыйны блёк. Крыніцы выданьня «Медуза» сьцьвярджалі, што палаты, дзе ляжалі пацярпелыя ад выбуху, апрацавалі ад радыеактыўнага заражэньня.

Лекары, якія мелі зносіны з пацыентамі з ракетнага палігону, далі падпіску пра неразгалошваньне, дадае The Moscow Times. Уся інфармацыя аб пацыентах была выдаленая з бальнічнай дакумэнтацыі.

  • 8 жніўня сем чалавек загінулі на палігоне пад Северадзьвінскам пры выпрабаванмні ракеты. Двое загінулых былі вайскоўцамі, пяць — супрацоўнікамі адной са структур Расатама.
  • Расгідрамэт паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся. Такую ж інфармацыю 8 жніўня давала прэсавая служба Северадзьвінску.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што на палігоне выпрабоўвалася крылатая ракета «Буравесьнік» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Афіцыйна ўлады Расеі не пацьвярджалі, што выбух адбыўся менавіта на выпрабаваньні «Буравесьніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG