Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарвэгіі выявілі радыяактыўны ёд «у невялікіх канцэнтрацыях»


Нарвэскі дырэктарат радыяцыйнай абароны і атамнай бясьпекі выявіў у пробах паветра, узятых 9-12 жніўня на поўначы Нарвэгіі, радыяактыўны ёд ў невялікіх канцэнтрацыях.

У паведамленьні ведамства падкрэсьліваецца, што канцэнтрацыі радыяактыўнага рэчыва ў пробах ня робяць пагрозы для здароўя людзей. Калі ў паветры няма сьлядоў іншых радыяактыўных рэчываў, акрамя ёду, гаворка хутчэй за ўсё ідзе аб выкідах фармацэўтычных прадпрыемстваў — гаворыцца ў паведамленьні.

Там таксама адзначаецца, што цяпер немагчыма вызначыць, ці зьвязана зьяўленьне радыяактыўнага ёду ў пробах з выбухам, які адбыўся 8 жніўня на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам у Архангельскай вобласьці Расеі.

Экалягічная станцыя, дзе бралі пробы, разьмешчана непадалёк ад мяжы з Расеяй. Радыяцыйны фон там цяпер у межах нормы.

Як паведамляе расейскае аддзяленьне экалягічнай арганізацыі Greenpeace, радыяактыўны ёд-131 можа трапляць у атмасфэру пры аварыях на атамных рэактарах. Greenpeace нагадвае пра адну з вэрсій выкіду радыяцыі ў Архангельскай вобласьці, зьвязаную з разбурэньнем малога атамнага рэактара, усталяванага на ракету. Раней Greenpeace запатрабаваў ад дзяржаўных агенцтваў «Роскомнадзор» і «Росгидромет» апублікаваць інфармацыю аб ізатопнага складу выкіду, аднак пакуль не атрымаў адказу на свае афіцыйныя запыты.

  • 8 жніўня, паводле афіцыйных дадзеных, сем чалавек загінулі на палігоне пад Северадзвінскам пры выпрабаваньні ракеты з радыяізатопнай крыніцай силкаваньня. Двое загінулых былі вайскоўцамі, пяць — супрацоўнікамі адной са структур карпарацыи «Росатом». Менавіта «Росатом» займаецца будаўніцтвам Беларускай АЭС непадалёк ад Астраўца на Гарадзеншчыне.
  • «Росгидромет» паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску на кароткі часа вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся. Такую ж інфармацыю 8 жніўня давала прэс-служба Северадзвінскай адміністрацыі.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у Твітэры: «Злучаныя Штаты шмат даведаліся ў выніку выбуху ў Расеі няўдалай ракеты. У нас ёсьць падобная, але больш прасунутая тэхналёгія. Выбух расейскай Skyfall прымусіў людзей занепакоіцца наконт паветра не толькі побач з палігонам, але і удалечыні ад яго».
  • Назвай Skyfall ў ЗША пазначаюць расейскую крылатую ракету 9М730 «Буревестник» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Афіцыйна ўлады Расеі не пацьвярджалі, што выбух адбыўся менавіта на выпрабаваньні ракеты «Буревестник».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG