Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбуху пад Северадзьвінскам не працуюць ужо 4 расейскія станцыі маніторынгу


Северадзьвінск

Яшчэ дзьве расійскія маніторынгавыя станцыі, якія ўваходзяць у міжнародную сетку, спынілі перадачу дадзеных пасьля выбуху 8 жніўня на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам.

Гаворка ідзе пра станцыі на Чукотцы і Алтаі, інфармацыя зь якіх не паступае ад 13 жніўня. Пра гэта The Wall Street Journal паведаміў сакратар Арганізацыі Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў Ласіна Зэрба. Крыху раней перасталі перадаваць дадзеныя станцыі ў Дубне і Кіраве. Расійскія чыноўнікі патлумачылі гэта праблемамі з сувязьзю.

Экспэрты, апытаныя выданьнем, не выключаюць, што расейскія ўлады адключаюць маніторынгавыя станцыі, спрабуючы схаваць інфармацыю аб прычынах выбуху. Калі менавіта яны адновяць перадачу дадзеных, пакуль не вядома.

У міжнародную сетку ўваходзяць сотні маніторынгавых станцый, якія адсочваюць сэйсьмічныя зрухі, гукавыя ваганьні і іншыя зьмены, якія датычаць ядзерных выпрабаваньняў.

Выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці адбыўся 8 жніўня. Загінулі як найменей пяць супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Расейскае міністэрства абароны не раскрыла падрабязнасьцяў выпрабаваньняў. «Росатом» настойвае, што гэты выбух адбыўся падчас працаў з рэактыўнай устаноўкай. «Росгидромет» паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзвьінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся.

Напярэдадні на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Уладзімір Пуцін заявіў, што пагрозы з прычыны аварыі на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам няма. Павышэньня радыяцыйнага фону там таксама няма, сказаў прэзыдэнт Расеі.

Выданьне The New York Times са спасылкай на дадзеныя Пэнтагону пісала, што аварыя адбылася падчас выпрабаваньняў прататыпа ракеты «Буревестник» c ядзернай устаноўкай, якую Пуцін прэзэнтаваў летась падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG