Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая газета»: пад Северадзьвінскам магла ўзарвацца ракета «Скіф»


Жыхар Северадзьвінску каля гарадзкой адміністрацыі 13 жніўня 2019

Катастрофа на палігоне пад Северадзьвінскам у Архангельскай вобласьці, у выніку якой 8 жніўня загінулі 7 чалавек і якая прывяла да выкіду радыяактыўных рэчываў, магла быць зьвязаная з выпрабаваньнямі ракеты доннага базаваньня «Скіф».

Такую вэрсію выказвае расейская «Новая газета». Выданьне аналізуе як афіцыйныя паведамленьні пра катастрофу, так і шэраг неафіцыйных вэрсій, якія выказваліся ў прэсе са спасылкай на экспэртаў і крыніцы.

Раней выданьне The Moscow Times паведаміла: ​лекараў Архангельскай абласной бальніцы не папярэдзілі пра тое, што тры дастаўленыя ва ўстанову пацярпелыя пры выбуху ракеты пад Северадзьвінскам былі апрамененыя радыяцыяй.

У аднаго зь лекараў, якія працавалі з пацыентамі, у мышачнай тканцы знойдзены радыяактыўны цэзій-137. Каля 60 супрацоўнікаў шпіталя будуць накіраваныя ў Маскву на абсьледаваньне. ​

Трое пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцу 8 жніўня аголенымі і загорнутымі ў празрыстыя плястыкавыя мяшкі, адзначае газэта. Яны былі ў цяжкім стане, але мэдыкі ня ведалі пра акалічнасьці атрыманьня пацярпелымі траўмаў — ім было вядома толькі, што на вайсковым аб’екце 8 жніўня адбыўся выбух. Іх спрабавалі эвакуіраваць у Маскву, але двое памерлі па дарозе ў аэрапорт, сьцьвярджаюць крыніцы выданьня.

Лекары падазравалі, што дастаўленыя пацыенты маглі быць падвергнутыя апраменьваньню, але іх асьцярогі ніхто не пацьвердзіў. Паводле дадзеных агенцтва «Паўночныя навіны», пазьней лекары, што кантактавалі з пацыентамі, атрымалі сьвінцовыя фартухі, але гэта нельга лічыць надзейнай абаронай.

​«Пэрсанал быў шакаваны», — сказаў адзін зь лекараў карэспандэнту Moscow Times. Ён адзначыў, што бальніца, куды прывезьлі пацярпелых, зьяўляецца цывільнай, а не вайсковым шпіталем. Суразмоўніца «Паўночных навінаў» сьцьвярджае, што праз радыяактыўны пыл на некалькі дзён было зачынена прыёмнае аддзяленьне бальніцы і апэрацыйны блёк. Крыніцы выданьня «Медуза» сьцьвярджалі, што палаты, дзе ляжалі пацярпелыя ад выбуху, апрацавалі ад радыяактыўнага заражэньня.

Лекары, якія мелі зносіны з пацыентамі з ракетнага палігону, далі падпіску пра неразгалошваньне, дадае The Moscow Times. Уся інфармацыя аб пацыентах была выдаленая з бальнічнай дакумэнтацыі.

  • 8 жніўня сем чалавек загінулі на палігоне пад Северадзьвінскам пры выпрабаванмні ракеты. Двое загінулых былі вайскоўцамі, пяць — супрацоўнікамі адной са структур Расатама.
  • Расгідрамэт паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся. Такую ж інфармацыю 8 жніўня давала прэсавая служба Северадзьвінску.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што на палігоне выпрабоўвалася крылатая ракета «Буравесьнік» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Афіцыйна ўлады Расеі не пацьвярджалі, што выбух адбыўся менавіта на выпрабаваньні «Буравесьніка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG