Гарады з «памылкамі» ў назвах: Вілейка ці Вялейка?

Вілайка і Вялейка, дзьве назвы аднаго мястэчка. Фота на фоне: Alex Zelenko via Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Афіцыйная назва — Вілейка

Беларуская народная назва — Вялейка

Першыя людзі на тэрыторыі сучаснай Вялейшчыны зьявіліся дзесьці ў 7–5 тысячагодзьдзях да нашай эры — пра гэта сьведчаць крамянёвыя прылады працы.

Да XIII стагодзьдзя тыя землі над ракой Вяльлёй былі ў складзе Полацкага княства, а мястэчка ВКЛ пад назвай Стары Куранец вядомае з 1599 году. У якасьці цэнтру староства Ашмянскага павету яно памяняла назву на Вялейку — ад імя ракі Вяльлі, што азначае проста ‘вялікаяʼ.

Ёсьць і Новая Вялейка — горад на той самай рацэ, які цяпер стаў прадмесьцем Вільні (Naujoji Vilnia па-літоўску).

Адкуль у назьве гук і літара І? З польскае мовы. Па-польску раку называлі Wilia (прычыны не зусім ясныя, магчыма, каб дапасаваць яе імя да назвы сталічнай Вільні), адсюль Wilejka. Ад 1793 году, пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, места ўваходзіць у склад Расейскай імпэрыі. Адпаведна, новая расейская адміністрацыя мэханічна зафіксавала польскую назву гораду — Вілейка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Гродна ці Горадня?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Беразіно ці Бярэзань?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Брэст ці Берасьце?