Выпадак пракамэнтавалі Сьледчы камітэт і Мінабароны. Відавочцы паведамляюць пра інцыдэнты ў розных частках гораду.
Позна ўвечары 3 ліпеня на ўзьбярэжжы Сьвіслачы ў Менску адбылася трагедыя. Падчас запуску сьвяточнага салюту чатыры снарады разарваліся, аскепкі паляцелі ў бок людзей. У выніку была моцна параненая адна з жанчын, яна загінула на месцы, нягледзячы на спробы мэдыкаў дапамагчы пацярпелай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеіШто вядома пра колькасьць пацярпелых?
Паводле Сьледчага камітэту, без уліку загінулай раненьні атрымалі сама меней дзевяць чалавек. «На сёньняшні момант у стацыянары застаюцца два чалавекі, — працытавала раніцай агенцтва БелТА словы міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. — Гэта двое мужчын, 1957 і 1995 гадоў нараджэньня. У аднаго зь іх раненьне шчакі, у другога — траўма пляча. Абодва знаходзяцца ў стане бліжэй да здавальняючага. Пагрозы для жыцьця няма. Астатнім дапамога аказана амбулаторна, і яны адпушчаныя дадому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жанчына загінула, 10 чалавек параненыя падчас салюту ў Менску. ФОТА, ВІДЭАШто адбывалася на месцы трагедыі пасьля салюту ў Менску. ФОТА
Што вядома пра загінулую?
Гэта жанчына 1955 году нараджэньня, яна назірала за сьвяточным салютам ля Сьвіслачы, непадалёк ад вуліцы Даўмана. Відавочцы паведамляюць, што пацярпелая была на месцы здарэньня разам з дарослай дачкой. Адразу пасьля раненьня пацярпелай спрабавалі дапамагчы супрацоўнікі МНС, якія патрулявалі Сьвіслач на водным скутэры, празь некалькі хвілін на месца прыбылі мэдыкі. Рэанімацыйныя захады працягваліся каля 30 хвілін, аднак выратаваць жанчыну не ўдалося. Відавочцы расказваюць пра вялікую колькасьць страчанай ёю крыві: аскепак пацэліў жанчыне ў шыю і, верагодна, перабіў сонную артэрыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сьледчы камітэт пацьвердзіў сьмерць жанчыны падчас салютуСьледчы камітэт афіцыйна пацьвердзіў здарэньне, аднак пра завядзеньне крымінальнай справы пакуль не паведамлялася. Таксама ў Сьледчым камітэце пакуль не пацьвярджаюць, што прычынай сьмерці жанчыны стаў менавіта сьвяточны салют.
Інцыдэнты падчас запуску салютаў у іншых раёнах Менску
Вядома, што запускі салютаў неадпаведна пляну адбыліся ня толькі ў Парку Перамогі. Паводле відавочцаў, побач зь зямлёй разарваліся снарады таксама ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паведамленьняў аб пацярпелых там пакуль няма.
Вядома, што ад месца запуску салютаў да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах па вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі3 ліпеня ў Менску: па той бок параду. Фотагалерэя
Што вядома аб прычынах выбухаў?
Пакуль ёсьць толькі неафіцыйная інфармацыя. Паводле яе, некалькі снарадаў для сьвяточнага салюту зь незразумелых прычынаў разарваліся невысока над зямлёй адразу пасьля запуску. Іх аскепкі паранілі людзей і выбілі шыбы ў будынках. Паводле іншай вэрсіі, выбухі снарадаў для салюту адбыліся ўнутры пускавых установак і людзей параніла ўжо іхнымі аскепкамі.
На месцы здарэньняў карэспандэнты Свабоды бачылі кавалкі плястыку і кардону. Імі літаральна засыпала ходнікі ля Сьвіслачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У Тайляндзе пэнсіянэрка памерла ад страху». Як дзяржаўныя СМІ (не)паведамлялі пра трагедыю падчас салюту
Камэнтар Міністэрства абароны
Рэакцыя ведамства на трагічнае здарэньне зьявілася празь 2 гадзіны пасьля яго. Менавіта спэцыяльнае падразьдзяленьне Мінабароны займаецца запускамі сьвяточных салютаў.
«Камісія Міністэрства абароны сумесна са Сьледчым камітэтам высьвятляе прычыны атрыманьня траўмаў падчас салюту ў Менску, — гаварылася ў ім. — Пацярпелі 4 чалавекі. Зь іх адна жанчына атрымала траўму, не сумяшчальную з жыцьцём. Вайсковае ведамства выказвае спачуваньні родным і блізкім загінулай і акажа неабходную дапамогу. Устаноўлена, што зарады гэтай партыі раней ужо ўжываліся для салютаў».
Аднак усяго за два дні да трагедыі ў інтэрвію агенцтву «Менск-Навіны» камандзір патрульнай роты камэнданцкага батальёна, старшы лейтэнант Аляксей Круглік паведаміў пра новыя вырабы.
«Сакрэтаў раскрываць ня буду, — сказаў журналістам вайсковец. — Але скажу, што ў гэты раз мы выкарыстаем новыя фаервэрачныя вырабы, якіх раней не паказвалі. Агульную карціну ўбачыце на салюце».