У сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе, у раёне авіябазы «Ла Карлота», паліцыя ўжыла слезацечны газ супраць прыхільнікаў Гуайдо.
Вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы, ляяльныя Мадура, заехалі ў натоўп маніфэстантаў ў Каракасе на браняваных аўтамабілях, ёсьць пацярпелыя.
Відэа апублікавала калюмбійскае выданне Noticias Caracol.
30 красавіка Хуан Гуайдо заклікаў войска далучыцца да пратэстаў супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадура.
Вострая фаза супрацьстаяньня праходзіць у Вэнэсуэле ад студзеня, калі Гуайдо абвінаваціў Мадура ва ўзурпацыі ўлады і прыняў прысягу як часовы прэзыдэнт. Рычагі кіраваньня краінай і сілавымі структурамі застаюцца ў руках Мадура, якога падтрымліваюць Куба, Расея, Кітай і Турэччына. ЗША, большасьць краін Лацінскай Амэрыкі і ЭЗ падтрымліваюць Гуайдо.
Міністэрства фінансаў ЗША заявіла, што Злучаныя Штаты гатовыя прыцягнуць фінансавую падтрымку, каб дапамагчы аднавіцца эканоміцы Вэнэсуэлы.
У заяве Вашынгтон зноў выказаў падтрымку лідэру апазыцыі Вэнэсуэлы Хуану Гуайдо. Таксама ў ведамстве заявілі, што ЗША здымуць санкцыі з прэзыдэнта краіны Нікаласа Мадура і ягонага атачэньня толькі ў выпадку «зьмены паводзінаў».
«Шлях да паслабленьня санкцыяў супраць асобаў і ўстановаў, зьвязаных з ранейшым рэжымам Мадура, у тым ліку „Нафты Вэнэсуэлы“ (вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі), ляжыць празь зьмену паводзінаў і падтрымку дэмакратычна абранага лідэра Вэнэсуэлы і тых, хто спрабуе аднавіць дэмакратыю. Злучаныя Штаты і нашы партнэры і саюзьнікі гатовыя задзейнічаць інструмэнты міжнароднай фінансавай супольнасьці, каб дапамагчы хутка перазапусьціць вэнэсуэльскую эканоміку», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вэнэсуэла: у сталіцы пачаліся сутыкненьні з удзелам вайскоўцаў