Апоўдні 22 красавіка Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны паведамляе аб падліку 97.56% пратаколаў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.
Паводле гэтых зьвестак, у галасаваньні ўзялі ўдзел 16,6 млн выбарнікаў. 2,31% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі. Яўка перавысіла 62%.
73.14% або 13,2 млн чалавек прагаласавалі за актора і бізнэсоўца Ўладзімера Зяленскага. 24.53% або 4,4 млн — за дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку.
Такім чынам, дадзеныя падліку галасоў амаль супадаюць зь лічбамі нацыянальнага экзыт-полу, агучанымі пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня ўчора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Нацыянальны экзыт-пол: Уладзімір Зяленскі абраны шостым прэзыдэнтам Украіны. ВІДЭА
Зяленскі наперадзе амаль ва ўсіх абласьцях, нават на Захадзе Ўкраіны і ў сталіцы, дзе ў першым туры больш галасоў аддалі Парашэку. Адзінае выключэньне — Львоўская вобласьць, дзе за Парашэнку прагаласавалі амаль 63%, за Зяленскага — каля 34,5%.
Парашэнка ўжо прызнаў паразу, павіншаваў Зяленскага зь перамогай і заявіў, што пакідае пасаду, але не сыходзіць з палітыкі.
Першым прэзыдэнтам Украіны быў Леанід Краўчук , другім два тэрміны запар быў Леанід Кучма , пасьля Аранжавай рэвалюцыі трэцім прэзыдэнтам стаў Віктар Юшчанка , чацьвётым быў зрынуты пад час Рэвалюцыі Годнасьці Віктар Янукоувіч , пятым прэзыдэнтам пакуль яшчэ зьяўляецца Пятро Парашэнка . Такім чынам Уладзімер Зяленскі становіцца шостым прэзыдэнтам за гісторыю незалежнай Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі — прэзыдэнт Украіны. Што далей?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як зьменяцца беларуска-ўкраінскія адносіны пасьля перамогі Зяленскага
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
У другім туры перамог Зяленскі . Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота