Спэцкамбінат КБА прайграў справу аб Вайсковых могілках

Працы спэцкамбінату КБА на Вайсковых могілках у Менску, ліпень 2018 году

Суд часткова задаволіў пазовы ў справе аб разбурэньні надмагільляў на Вайсковых могілках.

Суд Фрунзенскага раёну Менску часткова задаволіў пазоў да спэцкамбінату КБА, зь якім зьвярнуліся ў суд жыхары Менску Данат Яканюк, Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева. Ім выплацяць па 1 тысячы рублёў кампэнсацыі і пакрыюць судовыя выдаткі. Вёў працэс судзьдзя Аляксандар Брычкоў.

Помнікі на магілах сваякоў пазоўнікаў былі разламаныя падчас добраўпарадкаваньня, якое праводзілі ў 2018 годзе працаўнікі спэцкамбінату КБА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працавалі без праекту. Што казалі пазваныя і сьведкі ў справе аб зносе помнікаў на Вайсковых могілках у Менску

У адным выпадку была зламаная агароджа і крыжы, у двух іншых — таксама былі зьнішчаныя надмагільныя помнікі. Пазоўнікі казалі, што ім была нанесеная маральная шкода, даказвалі, што іх нават не папярэдзілі пра тое, што на магілах будуць праводзіцца працы, і прасілі спагнаць з спэцкамбінату КБА грашовую кампэнсацыю — па 10 тысяч рублёў кожнаму. Суд задаволіў пазовы часткова.

«Галоўнае, што суд пацьвердзіў: па-першае, спэцкамбінат парушыў закон, па-другое, праўда была на нашым баку», — пракамэнтаваў рашэньне суду Данат Яканюк.

Як праходзілі судовыя спрэчкі?

Сёньня ў судовых спрэчках бакі паўтарылі свае ранейшыя пазыцыі. Пазоўнікі настойвалі на кампэнсацыі маральнай шкоды, казалі пра парушэньне спэцкамбінатам КБА Кодэксу аб культуры і закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» ды іншых нормаў заканадаўства.

Данат Яканюк назваў грамадзкай і маральнай шкодай і тое, што «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя спэцкамбінатам КБА на месцы зьнесеных помнікаў, у выніку аказаліся без крыжоў, хоць раней на гэтых магілах крыжы былі. У прыватнасьці, крыжы былі ўсталяваныя на магілах, якія даглядалі Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева, але нават іх выявы на новых помніках не зьявіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кальварыйскіх могілках таксама будзе «добраўпарадкаваньне», але пазьней, — спэцкамбінат КБА

Прадстаўнік пазоўніка Валер Жук адносна крыжоў сказаў, што супрацоўнікі спэцкамбінату КДБ плянавалі пазначыць выявамі крыжоў тыя «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя на месцы помнікаў з крыжамі. «Але пракуратура вынесла прадстаўленьне аб прыпыненьні працаў на Вайсковых могілках, і таму зрабіць гэта не пасьпелі», — патлумачыў Валер Жук.

Пра зьнішчэньне крыжа і агароджы вакол магілы сьвятара Сяргея Туроўскага прадстаўнік спэцкамбінату КБА сказаў, што «гэта была ініцыятыва настаяцеля царквы Мікалая Коржыча», а супрацоўнікі спэцкамбінату КБА яе толькі выканалі, таму яны ня могуць несьці за гэта адказнасьць.

«Ніякай гаворкі аб вандалізьме і зьнявазе помнікаў быць ня можа», — заявіў у канцы сваёй прамовы Валер Жук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на Вайсковых могілках у Менску нішчаць старыя надмагільлі

Ён таксама спаслаўся на тое, што няма дакумэнтальных доказаў таго, што ў магілах, за якімі наглядала Ірына Маркевіч, пахаваныя тыя асобы, імёны якія былі пазначаны на помніках. Маўляў, у архівах няма адпаведных папер.

А пра пазоўніка Даната Яканюка Валер Жук выказаў такую вэрсію: той нібыта не дамовіўся наконт грашовай кампэнсацыі за разбураную агароджу з настаяцелем царквы, таму і падаў у суд на спэцкамбінат КБА. «Мараль тут ні пры чым, проста не сышліся ў цане», — сказаў Валер Жук. Крыніцу, якая нібыта чула размову Даната Яканюка з настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага, ён, аднак, не назваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырашылі забараніць нетрадыцыйныя спосабы пахаваньня 

«Бабулькі ня пойдуць у суд. Яны будуць проста сядзець каля сваіх магіл і плакаць», — сказала ў судовых спрэчках пазоўніца Анжаліка Сяргеева. Яна лічыць, шмат хто яшчэ далучыўся б да іх пазову, але гэта старыя людзі, у якіх на судовыя справы няма сіл і сродкаў.

Пазоўніца мяркуе, што спэцкамбінат КБА працаваў на Вайсковых могілках непрафэсійна.

«Можна было зьнішчыць карані дрэва і пень хімічнымі сродкамі, гэта вядомы мэтад, ня шкодны зямлі і расьлінам, і нашы помнікі б захаваліся, але яны пра гэта нават не задумваліся», — сказала Анжаліка Сяргеева пра кіраўніцтва спэцкамбінату КБА.

Цікава, што прадстаўнік пракуратуры ў спрэчках пагадзіўся з тым, што спэцкамбінат КБА парушыў нормы закону, але пры гэтым заявіў, што пазоўнікі не прадставілі доказаў нанясеньня ім маральнай шкоды.

«Прашу суд у задавальненьні пазову аб грашовай кампэнсацыі маральнай шкоды адмовіць», — сказаў пракурор Раманюк.

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.

Магіла маці Янкі Купалы на Вайсковых могілках у Менску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хаця б нашчадкаў спыталі». Гісторыі людзей, чые сваякі пахаваныя на Вайсковых могілках

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на Вайсковых могілках