Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працавалі без праекту. Што казалі пазваныя і сьведкі ў справе аб зносе помнікаў на Вайсковых могілках у Менску


Падчас зносу помнікаў на Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота
Падчас зносу помнікаў на Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота

У Фрунзенскім судзе Менску прадоўжыўся разгляд пазову менчукоў Даната Яканюка, Ірыны Маркевіч і Анжэлікі Сяргеевай да прадпрыемства «Спэцыяльны камбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня».

Пазоўнікі патрабуюць ад спэцкамбінату КБА па 10 тысяч рублёў кампэнсацыі за маральную і матэрыяльную шкоду, бо лічаць, што магілы іхных продкаў падчас добраўпарадкаваньня могілак у 2018 годзе былі зьняважаныя, а маёмасьць зьнішчаная.

Праекту не было. Паказаньні прадстаўнікоў спэцкамбінату

Прадпрыемства пазову не прызнае. 17 красавіка ў судзе гэтую пазыцыю паўтарыў прадстаўнік спэцкамбінату КБА Валеры Жук.

«Мы на 99% кіраваліся законам і ўказаньнямі гарадзкіх уладаў», — сказаў Жук пра добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Юрыст прадпрыемства аспрэчыў думку, што работы праводзіліся бессыстэмна.

«Праект добраўпарадкаваньня на могілках не патрабуецца, работы вядуцца, зыходзячы з сытуацыі», — сказаў суду Валер Жук.

Паводле прадстаўніка спэцкамбінату КБА, большасьць тых, хто даглядае пахаваньні сваякоў на Вайсковых могілках, былі ня супраць дэмантажу старых помнікаў і замены іх на «надгалоўнікі».

«Дагэтуль у прадпрыемстве ляжыць каля 30 заяў ад грамадзянаў пра ўстаноўку надмагільных пліт („надгалоўнікаў“) за кошт дзяржавы. Пішуць у заявах, што няма грошай», — паведаміў Валер Жук.

Пазоўніца Ірына Маркевіч агучыла ў судзе зьвесткі, паводле якіх падчас добраўпарадкаваньня на Вайсковых могілках зьявілася 370 «надгалоўнікаў» замест старых помнікаў. Але жанчына лічыць, што дэмантаж такой вялікай колькасьці помнікаў быў не патрэбен, ім патрабаваўся толькі рамонту на месцы.

Ірына Маркевіч каля магілы дзеда, архіўнае фота
Ірына Маркевіч каля магілы дзеда, архіўнае фота

Была просьба ад сьвятароў царквы Александра Неўскага

Сьведка Сяргей Тур адказаў на пытаньні наконт зьнішчэньня агароджы і крыжа на магіле сьвятара Туроўскага. Сяргей Тур працуе намесьнікам дырэктара спэцкамбінату КБА, гэта ён кіраваў рабочымі падчас дэмантажу агароджы на магіле сьвятара. Сьведка сказаў, што ён не аддаваў загаду аб зьнішчэньні агароджы, а толькі накіраваў рабочых выканаць просьбу протаярэя Мікалая Коржыча. Нібыта той сказаў сьведку, што агароджа магілы Туроўскага побач з царквой замінае добраўпарадкаваньню. Сяргей Тур сказаў, што агледзеў агароджу і пагадзіўся дапамагчы.

«Агароджа была ржавая, невядома якога колеру, урасла ў зямлю. Таксама яны сказалі, што са сваякамі пытаньне вырашаць самі», — дадаў сьведка. Паводле Тура, за гэтую працу рабочым нічога не плацілі і зносілі агароджу яны пасьля заканчэньня працоўнага дня.

Тое, што дэмантаж агароджы вакол магілы сьвятара нібыта быў узгоднены са сваякамі, абверг пазоўнік Данат Яканюк, унук былога настаяцеля царквы Андрэя Туроўскага.

Работнікі спэцкамбінату на Вайсковых могілках, архіўнае фота
Работнікі спэцкамбінату на Вайсковых могілках, архіўнае фота

Сьведка Алег Марозаў праводзіў дэмантаж помнікаў на магілах Іосіфа Матусевіча і сваякоў Анжалікі Сяргеевай. Ён расказаў суду, як гэта рабілася і чаму без дэмантажу магільных канструкцый было не абысьціся.

«Мы выдалялі пні, засейвалі газон вакол магілаў», — згадаў сьведка працы на Вайсковых могілках. Ён добра памятае вялікі пень ад клёна на магіле Ёсіфа Матусевіча. Пень быў 2,4 мэтра ў абхваце. Для карчаваньня выкарыстоўвалі адмысловыя драбілкі і пілы. «Адназначна без дэмантажу помнікаў выдаліць гэты пень было немагчыма», — сказаў сьведка.

Яшчэ адзін сьведка, маляр Уладзімер Цыбульскі, удзельнічаў у дэмантажы крыжа і агароджы на магіле пратаярэя Туроўскага. Паводле сьведкі, пра гэтую працу ім сказаў намесьнік дырэктара Сяргей Тур, гэта была ягоная просьба. А куды падзелі агароджу?

«Побач кавалкі паставілі і пайшлі. Памятаю, што агароджа была цяжкая. Яе мусілі забраць служкі царквы», — сказаў сьведка Цыбульскі. Сьведка ня памятаў дакладна, у які час, працоўны ці пасьля, яны рабілі гэтую справу. Але другі сьведка, рабочы Андрэй, пэўна сказаў суду, што дэмантаж агароджы магілы сьвятара каля царквы яны зрабілі ў працоўны час. «Мы ў непрацоўны час не працавалі».

Работнік спэцкамбінату рэжа агароджу на Вайсковых могілках, архіўнае фота
Работнік спэцкамбінату рэжа агароджу на Вайсковых могілках, архіўнае фота

«Глядзець на гэта было жахліва»

Апошнім са сьведак у судзе выступіў Павал Каралёў, сакратар грамадскай назіральнай камісіі аховы помнікаў пры Мінкульце. Ён наведваў Вайсковыя могілкі ў чэрвені 2017 году, яшчэ да рэканструкцыі.

«Убачыў шмат на якіх магілах паведамленьні пра тое, што трэба ўпарадкаваць. Мяне гэта зьдзівіла, бо большасьць з тых магілаў была ў добрым стане. Тры актывісты Таварыства аховы помнікаў адправілі звароты ўладам. У адказах нас запэўнілі, што ўсё будзе добра. Але неўзабаве я даведаўся, што на могілках усё разбурана, ідзе рэканструкцыя. Глядзець на гэта было жахліва», — згадаў сьведка Павал Каралёў.

Каралёў расказаў, як выратаваў ад зьнішчэньня агароджу, якую пачалі сьпілоўваць супрацоўнікі спэцкамбінату КБА. «Я стаў здымаць відэа, і яны спынілі працу». Сьведка паказаў фатаздымак суду:

«Вось яна, выратаваная агароджа. Можна бачыць, што яна ў добрым стане. Калі б не ўмяшаўся, яе б ужо не было».

Паводле Паўла Каралёва, у кіраўніцтва спэцкамбінату дагэтуль няма разуменьня праблемы дакладнага захаваньня помнікаў на Вайсковых могілках. «Помнікі, якія там зьнесьлі, былі ў здавальняючым стане», — пасумаваў сьведка.

Пазыцыя Генпракуратуры

Пазоўнік Данат Яканюк хадайнічаў аб далучэньні да справы адказу з Генпракуратуры пра добраўпарадкаваньне, якое праводзіў спэцкамбінат на Вайсковых могілках.

«Вызначана, што гэтыя работы ажыцьцёўленыя з парушэньнем патрабаваньняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пад выглядам упарадкаваньня тэрыторыі могілак была цалкам або часткова дэмантаваная без узгадненьня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь частка надмагільных крыжоў, збудаваньняў і агароджаў, у дачыненьні якіх патрабавалася толькі работы па фарбаваньні або ліквідацыі нязначных пашкоджаньняў», — адказалі ў ліпені 2018 году з Генпракуратуры Беларусі сябру Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры спадару Зьмітру Крымоўскаму.

Але суд спаслаўся на тое, што дакумэнт ня мае дачыненьня да працэсу і адхіліў хадайніцтва.

Працяг разгляду пазову да спэцкамбінату КБА працягнецца 18 красавіка.

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.

Магіла маці Янкі Купалы на Вайсковых могілках у Менску
Магіла маці Янкі Купалы на Вайсковых могілках у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG